epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Маладым на вяселлі

Ужо звязалі рукі вам

Прад алтаром навекі,

«Сама» ўжо — жонка, мужам — «сам»,

Не трэба вам апекі.

 

Каб хлопец—маці кіне ўчыць —

К «самой» не падсукаўся;

«Самога» бацька не збурчыць,

Каб па сялу не шляўся.

 

Вы самі будзеце ўжо знаць,

Што годна, што не годна,

Адно другога пільнаваць

Лепш маткі, бацькі родных.

 

Як, што там далей будзе ў вас —

Не нам тут раздумляці!

Вяселле ў вас, а ў гэты час

Мы хочам пагуляці.

 

Гарэлку п’ём мы, як ваду,

Ядзім сыр, масла, сала,

Загналі ў кут нуду-бяду,

Чуй!.. музыка зайграла.

 

Уседзець трудна за сталом,

Аж ходзяць — так здаецца —

І ногі, й плечы хадыром,

І сэрца б’ецца, б’ецца.

 

Хутчэй, хутчэй, яду набок!

Набок сталы і лавы!

Гульнём, дзяўчынка, мой дружок!

Часцей такіх забаваў!

 

І шчасце — дым, і праўда—дым,

А клёк — гульня, пахмелле.

Гукнём мы «дзякуй» маладым,

Што ўстроілі вяселле.

 

Разгул такі гады ў рады

Пацешыць прылятае...

А гэта што? Хмур малады

І плача маладая?

 

Чашы каменне ў сто сякер,

Не выстругаеш крэсел;

Я плакаў некалі... цяпер

Глядзі,— няма слёз — весел!

 

І ты, злучона пара, пей,

А я вот павіншую:

Мець спор вам з любасці сваей,

Мець долю не благую!

 

Мець клеці поўныя з дабром,

Мець міласць, згоду ў хатцы,

Й так жыўшы, жыўшы ўдваём,

Унукаў дачакацца!

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан