Я па закону і па веры
Ганю свой быт паміж людзей;
Жыццё сваё ўжо так размерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Да гаспадаркі маю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо й не так, як глянуць збоку,
Але я дзьму на ўсё ў дуду...
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад —
Не бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я к працы здатны і ахвочы —
З гультайствам дружбы не вяду;
На тое Бог дзянёк рабочы
Даў чалавеку на раду;
Тры ж дні якія ў тыдзень свят
Прасвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Жыву з суседзьмі па-суседску,—
Пакорны згоды я слуга;
Не быць нікому ў воку рэдзькай
Я век стараюсь як мага.
Які ж «на козыр» возьме «гад» —
Дзяржу ў руках кол ёмка я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Зладзейства — крый ты мяне Божа,
Каб я зрабіў... ражон мне ў бок!
Каня ж напасціць чужым збожжам,
У панскім лесе ссеч дубок,
Сянца напхаці панарад —
Яшчэ згаджуся з гэтым я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Здзірач, працэнтнік, ліхаімца —
Ў мяне такі не чалавек;
Я сам з другімі рад дзяліцца,
Але ўсё ў меру, як той лек:
Ніколі больш як «пяцьдзесят
За сто» і ўзяць не смею я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я п’янства, п’яніц прост не зношу:
Іх вораг — я, яны — мае;
Калі ж сусед мне скажа: «проша»
І чарку ставіць на стале,
Уступаю просьбам, рад не рад.
Што ж? — дзве-тры чаркі — не хвор я...
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
На пана, жыда і на чына
Не маю ласкі ні крыхі;
Хоць перад першым сагнуць спіну,
З другім гешэфцік завясці,
А з трэцім знаць ў хабарах лад —
Не ад таго падчас і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Як людзі добрыя, навукі
Я з малку дзён пакаштаваў
І распішуся без прынукі,
Сынка ж у школу не даваў...
Дзед без навукі жыў лет шмат,
І сыну ж тое дзяўблю я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Люблю чытаць я і газеты:
Як, дзе, што — ведаці люблю;
Сякі-такі толк знаю ў гэтым —
Купляць жа — дык не прызнаю...
Сусед пазычыць яе рад,
Чытаць за «дзякуй» ласкаў я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Знаём з расійскай, з польскай мовай
Сваёй з гасцьмі ані мру-мру,
Хаця не зрокся і «вясковай» —
«Папросту» з «простым» гавару.
З яе ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Так па закону і па веры
Ганю свой век паміж людзей;
Жыццё сваё ўжо так размерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват,
Той мне, таму штось вінен я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
1910