epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мусіць, трэба было

Пасвячаю Ул. Станкевічанцы

 

 

Ці на небе не мільён зорак льсніць!

Кожна зорка дзесь кагось весяліць.

Толькі ж месца там не стала

Для аднэй, што мне б міргала...

Мусіць, трэба было!

 

Ці то мала ўдоўж і ўшыр вырас свет? —

Для ўсіх даў ён і прыпын, і прывет.

А я век, як тое зданне,

Не знайшоў сабе прыстання...

Мусіць,трэба было!

 

Ці дарожак і на захад і ўсход

Легла мала на зямлі з году ў год?

Бо след к шчасцю на ўсім свеце

Не судзіў мне Бог сустрэці...

Мусіць, трэба было!

 

Ці то вецер толькі ў волі жыве —

Дзе захоча і ляціць, і плыве?

Я ж куды ні пасуліўся,

Ўсюды ў путах толькі віўся...

Мусіць, трэба было!

 

Ці зямелька не гадуе людзей,—

Ці ў іх сэрца ястраб выпіў з грудзей?

Бо дзе з сэрцам ні звяртаўся —

Я на камень натыкаўся...

Мусіць, трэба было!

 

Ці дзявочы ручкі звялі ў бядзе?

Ці ж нікога не галубяць нідзе?

Каб я лёг і ў дамавіне —

Воч ніхто мне не зачыне...

Мусіць, трэба ўжо так!

[1915]




Беларуская Палічка: http://knihi.com