epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На Біблейныя матывы

(З псалму 78)

Божа! Паганцы прыйшлі на айчыну тваю,

Дом апаганілі, дом твой святы;

Кінулі целы тваіх слуг зямному звяр’ю,

Птахам паднебным на страву — трупы.

Рэкамі скрозь палілася чырвоная кроў.

Некаму справіць набожных спамін-хаўтуроў.

 

Нашы суседзі нябожна паганьбілі нас;

Здзекам, пасмешышчам нас адалеў

Той, што у нашы сялібы прыйшоў на папас,

Нашыя хаты змяніўшы у хлеў.

Докуль, о Божа, ты гневацца будзеш маўчком?

Хутка ж твая ўспаланее заўзятасць агнём?!

 

Вылі гнеў твой на паганцаў, што вечна цябе

Знаці не знаюць — яны, іх сям’я;

Вылі гнеў твой і на царствы, ў сваёй што мальбе

Вечна твайго не ўзывалі імя.

Бо усмярцілі яны твой слухмяны народ,

Месца яго спусташылі на захад і ўсход.

 

Каб не казалі пагане паміжы сабой:

Дзе ж гэта іхні той Бог ці ён глух?

Помста твая хай раздасца над хэўрай сляпой,

Помста пралітай крыві тваіх слуг.

Стогны скаваных твой воблік адчуюць няхай,

Дзетак забітых бацькоў ад загубы ўхавай!

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан