epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На Купалле

На Купалле на святое

Рві, матуля, зелле тое,

Што ў нас папараць завецца!

І шчаслівым быць здаецца!

 

Як нарвеш яго даволі

Ў цёмным лесе, ў чыстым полі,—

Палажы за абразамі,

Пасвянці сваймі слязамі...

 

Двойчы, тройчы — а крапліста —

Злі слязою брыльянцістай

І чакай з яго прыплоду

Ад усходу да заходу...

 

Як узыдуць з зелля кветкі,—

Будуць шчасце меці дзеткі,

Будзеш, маці, меці ў хаце

Долю, згоду і багацце!..

 

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан