epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На адвітанне

Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі,

Хай пацеха цябе міне!

Мне з табой жыць не суджана болей,

Гоніць доля адгэтуль мяне.

 

Будзь шчасліва, дзяўчынка-галубка!..

Не крыўдую на гордасць тваю,—

Не чуў ласкавых слоў з тваіх губкаў,

Хоць так шчыра любіў і люблю.

 

Усё пекла я зведаў кахання,

Усе мукі яго скаштаваў,

А ўсю радасць і рай мілавання

Недруг вырваў, спаганіў, стаптаў.

 

Я так шчасця на свеце знаў мала

І прывету не знаў ад людзей,—

Цябе ўбачыў — і весела стала,

І ты стала за ўсё мне мілей.

 

Як слуга, як нявольнік, табе я

Так стараўся служыць, дагадзіць!

Так любіў цябе шчыра, з надзеяй,

Што ўзаемнасцю будзеш плаціць.

 

Ты ж, дзяўчынка, за гэтую дружбу

Не жалела мяне анічуць,—

За прывет мой, за любасць, за службу

Слова ласкі не ўмела шапнуць.

 

Эй, дзяўчынка, дзяўчынка, свет відзе

Усю праўду, няпраўду усю,

І хто знае, ці часам не прыйдзе

Слушны дар за нядолю маю.

 

Будзь шчасліва, дзяўчынка! Любіся

З тым, хто толькі зняславіў цябе,

І, пазнаўшы ману ўсю, не гніся,

Бо тады ўжо не жыць лепш табе.

 

Мяне, знаю, дзяўчынка, забудзеш,—

Ці ж на памяць слуга зарабіў?

Але хоць мо і верыць не будзеш,

Цябе першую я так любіў.

 

Яшчэ раз будзь шчасліва, дзяўчынка,

Хоць не лёгка нам шчасце спаткаць!

Я ж адзін, як над рэчкай вярбінка,

Буду жыць і цябе ўспамінаць.

 

І на памяць, што ў сэрцы мне ўскрэсне,

Чым я жыў так і мучыўся чым,

Злажу самую лепшую песню

Аб табе і каханні тваім.

 

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан