Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх не чуй;
Ці ў шуме, ці ў глушы,—
Забудзься і працуй!
Хоць хаткаю тваёй
Трасуць штодзень вятры
І песняю сваёй
Разносяць стогн стары
Над хаткаю тваёй,—
Забудзься і працуй!
Нуды пажар тушы,
На вір жыцця не злуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы,—
Забудзься і працуй!
Хоць ночка цемнатой
Заслала сцежкі ўсе,
Праходзіш ты кудой
Па слёз сваіх расе
З адвечнай цемнатой,—
Забудзься і працуй!
Прашкоды ўсе крышы,
На долю не крыўдуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы,—
Забудзься і працуй!
Хоць гора ўслед бяжыць,
А каменем-гарой
На сэрцы жаль ляжыць,
Хоць смутна, Божа мой,—
Забудзься і працуй!
Ні сэрца, ні душы,
Ні дум сваіх не чуй,
Ці ў шуме, ці ў глушы,—
Забудзься і працуй!
[1905-1907]