epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На паграніччы

На паграніччы ценем-зданню

Снуецца з кута ў кут трывога,—

То ў хату здрадліва загляне,

То мітусіцца ля парога.

 

У кожны год, як на асінах

Кара ад сонца адсычэе,

З сваім з’яўляецца ўспамінам

І мутным сочыцца ручэем.

 

Куснецца мухаю куслівай,

Насыціцца да перасыту,

І ў сэрцах забубніць пужліва,

Як цэп па такавішчы ўбітым.

 

*

На паграніччы вечнай вехай

Красуе памяць аб мінулым,

Калі раз’юшанай уцехай

Жыццё ў крыві з крывёй танула.

 

Перад паглядам, як прывіды,

Ўстаюць расстрэлы і пажары,

Нічым не сплачаныя крыўды,

Нічым не вернуты ахвяры.

 

Красуе памяць папялішчаў

Іржою з’едзеных калючак,

З вятрамі жудасліва свішча

І ў прысках топіцца пякучых.

 

*

На паграніччы кемкі знахар,

Калі тварыць варожбы хоча,—

Ён азіраецца на Захад,

Ён на Усход кіруе вочы.

 

А сейбіт, жменяй мазалістай

Загонам кідаючы зерне,

Надзеяй думкі назалістай

Да супакою не наверне.

 

Згадаць не ўмоц, як ні варожа,

Каму ён сее свой палетак:

Ці сам пажне і змеле збожжа,

Ці нехта іншы з’есць хлеб гэты.

 

*

На паграніччы ціха, сонна,

Хоць, як пруты, напяўшы жылы,

Па той і гэты бок нязгонна

Стаяць варожыя дзве сілы.

 

Праз пушчы, пасекі, загоны,

На рубяжы крывавай славы,

Апабал высяцца кардоны,

Апабал блукаюць заставы.

 

Падчас вуркне матацыклетка,

Воз кантрабандны пракульгіча,

Ды бзынкне куля злоснай сведкай,

На знак, што тут вось пагранічча!

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан