epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На службе

Эх, праклятая доля мая,

Ненавісная служба — прыгон!

Смокча кроў з мяне пан, як змяя,

Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон.

 

За ліхую заплату з душой

Маю радасць, быдлё, абакраў,

І, ў палон мяне звабіўшы свой,

Крыві мала — жыццё б адабраў.

 

Ці нядзелька, ці свята мне ёсць,

Ці як людзі гуляў я калі,

Ці ў мяне пагасціў добры госць,

Ці мне добрае слоўца далі?

 

А не з дзерава сэрца маё,

Не вада ў маіх жылах плыве,

Мае вочы і твар не трухлё,

Замест дум не смяццё ў галаве.

 

Як і людзі, хацеў бы я так

Пагуляць, на бяседзе пабыць,

Паспяваць аб жыцці небарак

І з дзяўчынай-красой падружыць.

 

Ды праклятая доля мая,

Ненавісная служба — прыгон!

Смокча кроў з мяне пан, як змяя,

Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон.

 

1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com