epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На суд

На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю,

Судзіце па стаццях, як піша ваш закон;

Было ж жыццё мне — узаконены прыгон,

Хоць я не даў вам і не дам стаптаць душу сваю.

 

Мінаў я вашу фарысейскую сям’ю,

Мяне не збэсціў вашым ідалам паклон,

Калі ж з грудзей і вылятаў пракляцця стогн,

То кляў я сам сябе і мук сваіх змяю.

 

Нічым грашыць ад вас грашнейшым я не ўмеў,—

Піў чарку крыўды і цярпення — ўсё да дна,

І не спаганіла мяне аблуда ні адна.

Адзін грэх толькі лёг мне на душу, як леў,

Праступак, суддзі, мой: я сэрца, сэрца меў!

Але ці ж гэта так страшэнная віна?!

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан