epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На вайсковыя матывы

(Песні на ваяцкі лад)

Дзе ты, хмелю, зімаваў?..


Дзе ты, хмелю, зімаваў?..

Дзе ты, хмелю, зімаваў,

Што не развіваўся?

Дзе ты, сынку, начаваў,

Што не разуваўся?

 

Зімаваў я ў старане,

Дзе віхуры дзьмулі;

Начаваў я на вайне,

Дзе гуляюць кулі.

 

*

Дзе ты, хмелю, ўлетку цвёў,

Што засох без следу?

Дзе ты, сынку, дзень правёў,

Што і не абедаў?

 

Цвёў я ўлетку, дзе пякуць

Спекі агняваты;

Дзень правёў я, дзе гудуць,

Як грымот, гарматы.

 

*

Чаму, хмелю, не адну

Зносіў сцюжу, спеку?

Чаму, сынку, на вайну

Шоў ты ў небяспеку?

 

Доля кінула мяне

Гінуць так, як гіну;

Ваяваў я на вайне

За сваю краіну.

 

1920




Беларуская Палічка: http://knihi.com