Янка Купала

На вялікім свеце...

На вялікім свеце б'е жыццё крыніцай,

Барацьба за волю і за долю рдзее,

Маюць панаванне вера і надзея,

Асвяціць народы лепшы быт маніцца.

 

На вялікім свеце неба слёз не сее,

Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,

Не галубіць думак цемра-асляпніца

І не водзіць душаў пагібення кнеяй.

 

На вялікім свеце б'юць званы на славу,

Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,

К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.

 

На вялікім свеце ўсё ідзе па праву,

Па законе Божым, з яснатой яскравай...

А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы...

 

1912

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com