epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На вуліцы

Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе,

Яе — не ўцямлю — шчасце ці сваё няшчасце...

Час быў такі, калі ўжо першы певень устае,

А злодзей смела з ложа выпаўзае красці.

 

На небе месяц бледны, як нябожчыкавы твар,

З-над воблакаў сцікаўся, быццам бы ён шляху

Свайго не мог знайсці паміж расплаканых там хмар,

Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху.

 

Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну,

Святло ў акнах адно ўслед за адным канала;

Дзе-недзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну

Ды спознена павозка дзіка ляскатала.

 

У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж,

Як бы напяты былі там людскія жылы,

Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож;

Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы.

 

Здалёку ад чыгункі данасіўся свіст-выццё,

Ўпіваючыся ў сэрца вытачанай сталлю,

Як бы з тым свістам адлятала шчасце і жыццё.

Ці гінуў нехта наймілейшы там — за даллю.

 

Аб сцены рэха стукалася ад хадзьбы маей,—

Цагляны мур сачыў за мною безупыну;

Цень ад ліхтарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей

Выцягваўся, дваіўся, то зусім дзесь гінуў.

 

Лічыў за крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань,

На заміраючы да заўтра горад грэшны,

І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань,—

Такі бяссільны, пазабыты, безуцешны!

 

За думкай думка джалам свідравала галаву:

Што ёсць, няма,— судзіў суды і перасуды,

І думаў ўсё: за што, нашто сябе на часці рву,

Калі за гэта маю толькі камняў груды?

 

Так сноўдаўся па вуліцы і сам згараў ў сабе...

...Іду і чую: тут з-за муру, ў сутарэнні,

Рагоча музыка, як сумашэдшая ў кляцьбе,

Пад музыку — бразджанне ног, грудзей хрыпенне...

 

І жудка стала!.. Ёсць жа яшчэ людзі на зямлі,

Што могуць дзіч сабой змяніць і весяліцца,

Не бачачы сваіх бяспутнасцей, што іх змаглі

І душаць адусюль, як змеяў навальніца!

 

З нявольніцай нявольнік тут танцуе на забой,

Пад здзекам рабскія свае сагнуўшы шыі,

А там, на акрываўленых палях крывёй людской,

Нявольнік для нявольніка грабніцу рые.

 

Стыд спанаваў мяне, што я на вуліцы тэй быў

І аддаваўся нейкай візьі ўсёй душою,—

Тым горкім думам аб сабе і сэрцу тым, на здзіў

Так заўладаўшым маім сэрцам-сіратою.

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан