epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На выбары выйшлі...

Вялікая сталася ў свеце прыгода

Пад сталінскім сцягам удалым:

Заззяла ўрачыста свята народаў,

Якога ў вяках не бывала.

 

Ад песень ад гулкіх плывуць адгалоскі

Па шумных дубровах і нівах,

Да сонца выходзяць шчаслівыя вёскі,

Наперадзе — горад шчаслівы.

 

Народ беларускі, таптаны вякамі,

Навекі пабратаўся з шчасцем,

Радзіму-краіну ўпрыгожыў садамі

Варожыя знішчыў напасці.

 

На выбары выйшлі. Пшаніца і жыта

Калышуць свой колас у колас.

І кожнаму хочацца яўна і скрыта

Аддаць свой за Сталіна голас.

 

Партрэт Варашылава ўбралі дзяўчаты

Ў чырвоныя кветкі-вяснянкі.

Свабодныя людзі! Вялікае свята!

Як хочацца жыць безустанку!

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан