Ціха і плаўна ўдаль коцяцца воды
Вольнага Нёмана ў цёмную даль,
Толькі у часе глухой непагоды
З берагу Нёман не выйдзе амаль.
Вербы і вольхі калышуцца глуха,
Сінія хвалі шумяць і бурляць.
Чуткай душою ў такі час паслухай,—
Здасца, там гэтакі голас чуваць:
«Гэй, не дзівуйся мой дружа нядбалы,
Што я сягоння так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошасць уелася ў матку-зямлю.
Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
Некалі бераг мой бачыў і знаў,
Іншы меў выгляд — не гэткі жабрачы,
Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў.
Край, дзе жыццё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на свет,
Песні і казкі інакшыя баяў,
Шчасце цвіло ў ім, як макавы цвет.
Буйным жыццём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў смела,
Цемра чужынцаў не страшнай была.
Панам быў дома і слаўным за домам
Мой, патаптаны сягоння, народ;
Змог ён не толькі знаць штукі з заломам,—
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Слухалі князя, а князь што не ўладзіў —
Слухаў, што веча яму звон казаў.
Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон...
Сціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазвецца калі болей ён?..
Так, так, мой дружа, іначай бывала,—
Не называўся забытым мой край;
«Поўнач» не раз у ім схову шукала,
«Захад» знаў сілу яго неўнарай.
Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родныя хвойкі сягоння плывуць.
Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыццём,—
Роднага ж краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.
Я іх не ваблю сваёю ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве,—
Вісла адным усміхаецца ласа,
Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве.
Скора сын бацьку, а бацька сыночка
Не распазнаюць адзін аднаго;
Дзеці чужацкія корме ўжо дочка,
Маці працуе на злыдня свайго.
Так грамадзяне свабоднага краю
Ёрмы уздзелі, у рабства пайшлі,
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі.
Рынкам жывога тавару няслава
Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
Торг гругановы вядуць між сабой.
Га! ты не слухаеш, бачу, ўжо болей.
Ой, чалавеча, змярцвелы у сне!..
Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?..
Камень і вольха перш поймуць мяне!..»
.....................................................................
Гэтакі ў часе глухой непагоды
Чуецца ў Нёмнавай гутарцы жаль.
Сціхне, і плаўна зноў коцяцца воды
Вольнага Нёмана ў цёмную даль.
1911