epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Над калыскай

Калыхала маці сына

У калысцы у ліповай

І пяяла яму песню

Вось як тутка, слова ў слова:

 

— Люлі, люлі, мой маленькі!

Спі і сні вясёлкі-гулі,

Як жа вырасцеш вялікім,—

Не забудзься ты матулі.

 

Люлі, люлі, мой маленькі!

Спі, злажыўшы ўкрыж далонкі,

Як жа вырасцеш вялікім,—

Не забудзься ты старонкі.

 

Люлі, люлі, мой маленькі!

Спі, як кветка напрадвесні,

Як жа вырасцеш вялікім,—

Не забудзься гэтай песні.

 

Люлі, люлі, мой маленькі,

Набірайся моцы, сілы,

Як жа вырасцеш вялікім,—

Не забудзь маей магілы.

 

Люлі, люлі, мой маленькі!..

...............................................

Сын павырас, на лес гледзя,

А ці помніць песню маткі,—

Запытайся у суседзяў.

 

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан