Накарміліся панскаю ласкай,
Горкіх слёз напіліся дасыта.
Што здавалася ўчора йшчэ казкай
Прыйшло сёння ў сонцы спавітым.
Расплываліся ў небе туманы,
Разганяў вецер ссохшае лісце.
Салавейка спяваў над курганам,
Неяк быццам спяваў галасісцей.
Ішлі гоманы нівай наспелай,
Гарады аклікаючы й вёскі.
Белавежская пушча шумела
І шумеў цёмны лес Аўгустоўскі.
Пераклікі чуваць былі ў хвалях
Паміж Нёманам, Днепрам і Бугам
І да Волгі плылі, дабягалі
Шэпты хваляў ад Нёмана-друга.
Перад намі за панскай стражніцай,
За слупамі з арламі, а блізка,
Новы свет развідняўся зарніцай,—
Долі, волі народнай калыска.
Мы лавілі і думкай, і вухам
Стуль найменшае водгулле-рэха.
Вораг толькі стуль вестак не слухаў,
Упіваўся раз’юшаным смехам.
Выглядалі, чакалі цярпліва,
Як чакае з вайны маці сына,
Той хвіліны чароўнай, шчаслівай,
Калі прыйдуць з вялікай навінай.
І прыйшоў гэты час перамогі,
Вярнігорай прыйшоў ён з Усходу,
І руйнуе кайданы, астрогі,
На свабоду выводзіць народы.
Накарміліся панскаю ласкай,
Горкіх слёз напіліся дасыта.
Што здавалася ўчора йшчэ казкай,
Прыйшло сёння у сонца спавітым.
1939