epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

«Нашай долі» (першай беларускай газеце)

Гэй! ўсе разам без патолі,

Беларусы-дзеці!

Пашлём дзякуй «Нашай долі»,

Родненькай газеце.

Нам яе, радзімай, далей

Не будзе ўжо браку;

Шмат гадкоў шчыра чакалі,

А цяпер — ой, дзякуй!

Дзякуй тым, хто нашу мову

Родную ўскрашае;

Хто цямноты ў родным слову

Нашы распрашае.

Дзякуй! і хай «Наша доля»

Часцей к нам прыходзе;

А з ёй праўда і з ёй воля

Зажыве ў народзе.

Праўда, шмат расце бадыляў

Нам на сцежцы нашай;

А магіла пры магіле

Дзікай пусткай страша;

Але «Доля» хай адважна

Ляціць к нам, загнаным,

К грамадзе нашай сярмяжнай,

К горам гартаваным.

Ўрагоў нашых рык шакалі

Не страшан і ўгрозы,

Бо, бо нас узгадавалі

Кнут, кроў, пот і слёзы.

Прыкупіўшы солі, хлеба,

Прывітайма «Долю»,

Як анёла Бога з неба,

Як святую волю!

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан