epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Нашай канстытуцыі

Мудрыя законы

Краіны Саветаў

Пісаны рукою

Рабочай, мазольнай...

 

Нашай Канстытуцыі

Слаўныя заветы

Не памруць, жыць будуць

Праўдай векапомнай.

 

Гэтыя законы

Ззяюць агняцветам,

Сонечна лунаюць

Зоркаю цудоўнай

 

І над зарубежным

Канаючым светам,

Дзе йшчэ люд працоўны

Сёння паднявольны.

 

Братняй дапамогай,

Роўная між роўных,

БССР красуе,

Нібы жыта летам;

 

Скінуўшы лад царскі

І панскія прыгоны,

Сабой ганарыцца,

Як ніколі гэтак.

 

Ўвесь народ савецкі

Шуміць роем ройным

На нівах савецкіх

Квецістых, распетых...

 

Будуць віхры, буры,

А жыць будуць вольна

Нашай Канстытуцыі

Слаўныя заветы.

1934


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан