epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Не чапайся, панічок!..

Не чапайся, панічок!

Жартуй, але ў меру,

Шэпты лісія — набок!

Я табе не веру.

 

Не чапайся ты, аса!

Багацтв не ўдзялю я,—

Ёсць дзявоцкая краса,

Ўзяць хочаш і тую.

 

Не чапайся! Не раўня

Табе я, мужычка,

Цябе жджэ недзе твая

Панна-белалічка.

 

Не чапайся! Ідзі к ей,

Шапчы, весяліся,

З ёй і песенькі ты пей,

З ёй і абніміся.

 

Не чапайся! Вы паны —

Ты з жонкаю сваею,

Ўзялі скарб мой вы адны —

Веру ды надзею.

 

Не чапайся! Ўжо сынка

Песціш з беларучкай,

А мужыцкая дачка

Хай гіне, як сучка.

 

І я згіну сіратой,

Ты, паніч, не згінеш...

Не чапайся!.. Што з табой?

Стой!.. Куды?.. Што чыніш?!

 

19 чэрвеня 1907


19.06.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан