epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Не для нас...

Не для нас гэта сонейка майскае

Загуляла на небе высокім

Сеяць думкі вясеннія, райскія,

Гэт, па свеце вялікім, шырокім.

 

Не для нас ніва, намі ўспаханая,

Заірдзелася ўсходам пасеваў,

І ўся ветрам, як дым, калыханая

Б’е паклоны направа, налева.

 

Не для нас упрыгожылісь кветкамі

Сенажаці-лугі над ракою,

Хараствамі няздзіўнымі, рэдкімі

Вабіць вока, шаптацца з душою.

 

Не для нас, не для нас распускаецца

Гэты сад, гэта вішня, чарэсня,

Не для нас, не для нас разліваецца

Салавейкава звонкая песня...

 

Сонца паліць нам грудзі збалелыя,

Ніва ласкі над намі не мае,

Пот ліем па лугах мы дні цэлыя,

Ці ж тут міла і песня якая?!

 

З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,

Б’ёмся, гінем і шчасця не бачым;

Працай жывяцца нашай прыблуднікі,

А мы толькі ўздыхаем і плачам...

 

[1906-1912]




Беларуская Палічка: http://knihi.com