epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Не кляніце мяне

Не кляніце мяне,

Што так смутна пяю,

Бо і так там на дне

Душу змучыў сваю.

 

Бо і так, бы ў агні,

Кроў у сэрцы кіпіць,

Мукаў сцелюцца дні,

Сон аб шчасці бяжыць.

 

Цяжкіх дум, горкіх дум

Зваяваць не магу,

Людскі плач, скаргаў шум

Ловіць мысль на бягу.

 

Не магу маску ўздзець,

Крывіць роднай душой,

Песні весела пець,

Калі смуцен брат мой.

 

Калі столькі бяды,

Столькі гора і слёз

Бачу ўкруг заўсягды,

Столькі й сам перанёс!

 

Вось стаіць удава,

Лахманы на плячах,

У шрамах галава,

Туман нейкі ў вачах.

 

Працягае руку:

«Дайце хлебачка мне,

Пашкадуйце ўдаву,

Згінуў муж на вайне».

 

А тут слёзы кап-кап!

Абмахнула рукой...

Ну, будзь, браце, не слаб,

З бяды смейся чужой!

 

Вось гуляе багач,

Аж палац той дрыжыць,

А пад брамаю плач —

Там сіротка стаіць.

 

Не уздойме ўжо рук,

Мароз целам трасе,

Ногі гнуцца у крук,

Вецер скаргі нясе:

 

«Раз ішоў тут народ,

Песні дзіўныя пеў,

Пеў ісці напярод,

Смерці ў вочы глядзеў.

 

Тата з імі пайшоў —

І дагэтуль няма,

А тут холад тне кроў,

Сыпе снегам зіма.

 

З хаты выгналі вон;

Няма есці чаго,

Правясці ночку, сон

Няма дзе у каго».

 

І тут слёзы кап-кап!

Абмахнула рукой...

Ну, будзь, браце, не слаб,

З бяды смейся чужой!

 

Вось зноў нешта чуваць,—

Стаў дзядок пад акном,

З плечаў торбы вісяць,

Бок падпёр кастылём.

 

І так песню вядзе —

Голас хрыплы такі —

Аб сваёй аб бядзе,

Рукі жме ў кулакі:

 

«Сорак год я служыў,

Сілу змог без пары,—

Стаў служыць — молад быў,

Цяпер гляньце — стары.

 

Эх, служыў пану я,

Працаваў за пяцёх,

Працаваў за каня,

Рана ўстаў, позна лёг.

 

І араў, і касіў,

І канавы капаў,

Пушчу сек і вазіў,

Не раз поўху дастаў.

 

Шла работа агнём...

Пан жа, ведама, жыў:

Багацеў з кожным днём,

Смачна еў, смачна піў.

 

А я чахнуў, бядак,

Галадаў, мёрз, як воўк,

І служыў верна так,

А цяпер»... І замоўк.

 

Толькі слёзы кап-кап!

Абмахнуў іх рукой...

Ну, будзь, браце, не слаб,

З бяды смейся чужой!

 

Дый не смейся з мяне,

Што так смутна пяю,

Бо і так там на дне

Душу змучыў сваю.

 

15 красавіка 1906


15.04.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан