epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Не рвіся к багатым

Ці пойдуць пажары, хваробы пад стрэхі,

Ці голад, ці холад, ці смутак у хаце,—

Не йдзі да палацу шукаці пацехі! —

Там толькі пачуеш зласлівыя смехі.

Ой, раю — не рвіся к багатым, мой браце!

 

Не рвіся к багатым ты, доляй убогі,

Не нойдзеш сэрц братніх, дзе толькі багацце!

Там будзеш сабой выціраці парогі,

Табе, як сабацы, косць кінуць пад ногі...

Дык слухай! — не рвіся к багатым, мой браце!

 

Багаты гуляе, адзеты і сыты,

Багатаму цэлы век свята па свяце,—

Ты ж вечна працуеш, век потам абліты!

Дык будзь чалавекам, бо ты ж не забіты!

Падшэптаў багацця не слухай, мой браце!

 

[Да 7(20) красавіка 1906]

[1906]




Беларуская Палічка: http://knihi.com