Мы ад дзеда аж да ўнука,
Як дзе бачым што не так,
З вечнай тычымся навукай,—
І гаворым, хоць няўзнак,—
Ці сваёму, ці чужому:
«Не ўсе дома, не ўсе дома!»
*
Знаў хлапца, Арцёмам зваўся,
Меў тады семнаццаць год;
Бедзен, нерахман здаваўся,
Кемкі ж быў, каб яго звод!
А плялі ўсе на Арцёма:
«Не ўсе дома, не ўсе дома!»
*
Ад стыдлівасці ён нейкай
Да карчмы не знаў дзе след;
За апошнюю капейку
Купіць кніжак ці газет.
І тут валяць на Арцёма:
«Не ўсе дома, не ўсе дома!»
*
Вось сабе дзяўчыну мае,—
Стаў вяселейка спраўляць;
Беднавата маладая,
Гаспадыня ж — пашукаць!
Тут ізноў ўсе на Арцёма:
«Не ўсе дома, не ўсе дома!»
*
Стаў жыць з жонкай удваёчку
Працавіта небарак —
На сям’ю сваю дзень, ночку,
Як мурашка, проста так...
А ўсе валяць на Арцёма:
«Не ўсе дома, не ўсе дома!»
*
Вось і ў школу ходзяць дзеці,—
Кожны чыст, абмыт, абшыт,
Сам не хвор і лапці ўздзеці
І заціркаю быць сыт.
І тут валяць на Арцёма:
«Не ўсе дома, не ўсе дома!»
*
Сходзяць годы за гадамі,
І Арцёма хоць на «ўра!».
Ён з сынамі, як з дубамі,
Статак, коні, моц дабра!
Аж сягоння на Арцёма
Штось не кажуць: «Не ўсе дома!»
[1920]