epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ноч за ночкай...

Ноч за ночкай ідзе, сцішна, тайна брыдзе,

Рассявае трывогу-знямогу;

Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,

Ацямрае гасцінец-дарогу.

 

І урок, і залом абымае крылом,

Гругановым крылом спавівае;

Водзіць рэй з ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,

Кажана і саву заручае.

 

З ям вылазіць, як лунь, Вадзянік і Лясун,

Выпраўляюць русалкі бяседу;

Змей дабро цягне з пунь, пакуль крыкне пявун,

Пакуль поўнач не зробіць прагледу.

 

Неба свой нямы сход: месяц, зор харавод

Над зямлю то выводзіць, то зводзіць;

Спіць сяло, дрэмле кот, вецер ціснецца ў плот,

Як на дудках, у шчэпках заводзіць.

 

Так ноч ночку вядзе, сцішна, тайна брыдзе,

Рассявае трывогу-знямогу;

Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,

Ацямрае гасцінец-дарогу.

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан