epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Новы год

Пад звоны зброі, путаў звоны,

Пад свіст раз’юшаных прыблудаў

Брыдзеш з няведамых старонаў,

Як здань няведамага цуду.

 

На беларускае йдзеш поле,

На акрываўленыя межы,

Дзе закаванай дрэмле воля,

Дзе звоне звон хаўтурны з вежы.

 

Ідзеш у край, дзе пажарышча

Яшчэ дымець не перастала,

Дзе смерць спраўляе сваё йгрышча

У сполку з чэрняй адзічалай.

 

Ідзеш у край, дзе сотні летаў

Хто толькі хоча гаспадарыць,

Але не сын зямліцы гэтай,

Які тут косці вечна парыць.

 

Ідзеш у край, які бязбожна

Жыўцом парэзаны на часці,

А брат проць брата стаў варожна

І памагае край раскрасці.

 

На Беларусь ідзеш, Год Новы,

На змену йдзеш Старому Году,

Ідзеш і звоніш у аковы,

Як той стары з пачатку роду.

 

1919




Беларуская Палічка: http://knihi.com