epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ой, вяду бяду...

Ой, вяду бяду,

А бяда мяне

Водзіць вечным следам;

Гэтак ходзім мы

За адным адно,

Як той дзед за дзедам;

Гэй, паклічу сход,

Ды збяру народ,

Ды збяру жаўнераў,

Хай ідуць вайной

На маю бяду —

На ліхога звера.

На мой кліч на сход

Гмін народу йшло,

Шоў ваяк з ваякам,—

Кожны смел, ахвоч,

Б’е адвага з воч,

Поле ўслалі макам.

Як той лес, жаўнер

Ля жаўнера стаў,

Зброя ў сонцы йграе;

Зварухнуўся полк,

А за ім — другі,

Толькі сцяг міргае.

Мах за крокам крок!

Войска йдзе ў паход,

Быццам тая хмура.

Аж дрыжыць зямля,

Як ваякі йдуць.

Ды пяюць, як бура.

Гэй, выходзь бяда,

Гэй, выходзь, хто нам —

Непрыяцель — вораг;

Пачастуем так,

Што папомніш век,

Ды сатром на порах.

Знай, жаўнеры мы,

Выйшлі не на жарт

Біцца, ваяваці;

Знай, хавалі нас

Поле, бор і лог

Беларусі-маці!

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан