Пусціўшы дома пагалоску,
Што я нядуж, лячыцца час,—
Пакінуў горад, еду ў вёску
Набраць здароўя на запас.
Трухкоча брычка па дарозе,—
Сам Разымблюм за фурмана,—
Мяне ж падкідвае на возе
Ад ям, калдобін і канаў.
Дарогі нашы, ой, дарогі!
Былі няважны для язды,—
Цяпер сам чорт паломіць ногі,
На хвост нагоніць верады.
Ах вы, шляхі!..
З гары на горку
Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол;
Збярэшся з думкай на гаворку,
А тут пад зад цябе вандол...
Конь пазірае ўбок з укоса
На плех мурожны пад кустом
Ды круціць-верціць пад сам носам,
Як той кадзільніцай, хвастом.
Абапал высяцца прысады,
А дрэвы пэўне па сто год —
Было іх больш, дый далі рады:
Працерабіў іх свой народ.
Гляджу на звалены бярозы,—
Маркотна думкі пацяклі:
Змаглі вы буры і марозы,
Людской сякеры не змаглі.
А людзі? Ведама, як людзі,
Як кожны наскі чалавек:
Садзіць сягоння тое будзе,
Што ўчора так нядбала ссек.
Бяжыць пад коламі гасцінец,
Бягуць прысадзіны назад.
Вакол бясконца свет-дзядзінец,
Палеткі, вёскі, лес, як сад.
Знаёмы гэты мне шлях родны,—
Даўгінаўскі вядомы шлях!
Які нёс годных і нягодных
На векавых сваіх плячах.
З Даўгінава ў Мінск балаголы
Па ім, бывала, дзень у дзень...
Ад дзёгцю пах, скрыпня ад колаў,
Шум ад людзей...
І ўсё, як цень!
Як сон нязбытай абяцанкі...
Заціхнуў шлях, як птах зімой,
Цяпер даўгінаўскай фурманкі
Ты не спаткаеш, браце мой!
Ты не спаткаеш стуль суседа,
А мо й матулі з вас які...
Былі сваймі у шчасці, ў бедах,—
Цяпер чужыя чужакі.
Ды ані вестачкі адтуля,
І нібы сам адтуль далей,
Адно пачуеш, як зязюля
Кукуе там, як і даўней.
А воўк завые — адгалоскі
Лятуць сюды, калі дзень ціх,
Як бы і воўк адгэтуль вёскі
Забыць не можа там — у іх.
Для птушкі вольнай і для звера,
Як і для думкі — ўвесь ім свет!
Для іх не ўпішаш на паперы
Ні меж гранічных, ні пікет.
Калісь мы ў Рыгу збожжа везлі,
Цяпер зямлі завезлі часць...
Але ж куды мы, думка, ўлезлі?
Глядзі, наклічама напасць!
Ану, мой косю!
Што там?
Пустка...
Вярні з гасцінца ўбок гужом!
Бо далей — «пропуск», і... «пшэпустка».
Стань, Разымблюм!
Акопы ўжо!
1926