epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Па межах родных і разорах..."

* * *

Па межах родных і разорах,

Пад небам зводна-неспагадным,

Спакоем воджаны век здрадным,

Сную, і нейкі са мной шорах.

 

Са мной, за мною ўслед сум-вораг

З глухім нашэптам, непрынадным:

Як ты ні хочаш быць праглядным,—

Сягоння ўсё тут — як і ўчора ж!

 

Усё жыве тым самым богам,—

Таксама шумнае прадвесне

Усёй не зводзе з гоняў плесні...

 

Араты ўсход нясе адлогам:

Курган чапаючы нарогам,

Не ўспомніць прадзедавай песні.

 

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан