epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Па шляху

Ляжыць, уецца ў бел-свет, як вужака,

Стары, утоптаны вякамі шлях,

Снючы былыя сказы, небарака,

Што перачуў на змучаных грудзях.

 

Бярозы — плачкі сумныя — павіслі

Абапал, як нямая варта-страж,

Не дбаючы, чаго стаяць, скуль выйшлі,

Адно ківаючы на шлях — ты наш!

 

А вецер ім бязбожныя напевы

То ціха шэпча, то гудзіць, як звер,

Галубячы, цалуе іх, як дзеваў,

І кліча іх на радасны бязмер.

 

Паміж бярозаў-плачак гэтым шляхам

Іду я з ношкаю разбітых дум,

Адзін іду, а падганяе тайным жахам

Прыяцель верны мой — бяссмертны сум.

 

Я — шлях, якому век няма спакою

Ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч,

Пасвенчаны нядбалаю рукою

Жалобнае жыццё вясці апроч.

 

Я — тая плачка сумная — бяроза,

Увосень абгалечана з лістоў,

Дрыжачая зімою ад марозаў

І ад бушуючых раз’юшаных віхроў.

 

Я — вецер той, што слёзна ў сонным полі

І ў буйным лесе вые сіратой,

Начлегу не знаходзячы ніколі

З сваёю горка-жаласнай журбой.

 

Іду па шляху я і пазіраю,

Як сфінкс, у сфінксаву нямую даль,

І не знаходжу мукам сваім краю,

І сіл не маю вырваць з сэрца жаль...

 

Закалыхаўся ястраб быстравокі,

Між небам і зямлёй, як лунь, завіс —

Мяне і дзень мой сочыць адзінокі,

З насмешкай мерачы вачамі ніз.

 

О, каб ён вылушчыў душу мне з цела

І затрымаў на хвілю у высях,

Каб раз, адзін раз толькі паглядзела

Адтуль, з-пад сонца, на зямны свой шлях!

1914




Беларуская Палічка: http://knihi.com