epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Па захадзе...

Мой міленькі прыйшоў ка мне

Па захадзе ўжо сонца

І ціха ў цёмнай цішыне

Пастукаўся ў аконца.

 

Заныла сэрцайка маё,

Як гэтае пачула,

Сваё зняла я акрыццё

І на зямлю ступнула.

 

Ў кашулі выйшла я на двор

Да любага з святліцы,

А неба рдзела ўжо ад зор,

Шумеў лес над крыніцай.

 

Шлі ветры: пелі пра красу,

Хісталі стан, любыя,

І распляталі мне касу,

І ласкаталі шыю.

 

На прызбе селі мы ўдваіх —

І моўчкі паглядалі,

Як цені з хат і пунь сівых

То ніклі, то ўставалі.

 

Мяне к сабе ён прыціскаў,

К грудзі туліўся белай,

Глядзеў у вочы, уздыхаў

І штось шаптаў нясмела.

 

Сляза жывая за слязой

З маіх зраніц сплывала,

Ў адно мяшалася з расой,

Што на пяску ляжала.

 

А ночка пела з бліскам зор

Нам смелы гімн кахання,

Смяяўся, плакаў сіні бор

Да самага світання.

 

І мілы выйшаў ад мяне,

Адзін пайшоў к пагонцы,

А ўслед за ім у цішыне

Ўзыходзіла ўжо сонца...

 

1912




Беларуская Палічка: http://knihi.com