Падыйдзі, пасядзі, паглядзі
Ў мае вочы, заліты слязьмі,
Спяі песню, нуду развядзі,
Пачаруй хараствамі сваймі.
Я адзін, мне так смутна! Нуда
Душу муча, сон гоне з павек,
Ты ж — вясёлая, ты — малада,
З табой быў бы шчасліў чалавек.
Ты пяеш — салавейка пяе,
Твар твой — сонца паглёд залаты,
Зоры светлыя — вочы твае,
Ты уся — з неба анел святы.
Ты не йдзеш — к табе думкай бягу,
Табой брэджу на яве і ў сне;
Прыйдзеш ты — гаварыць не магу...
Ты, дзяўчынка, замучыш мяне.
Кажуць людзі, што ты неўнарок
Ад усіх на сяле найбядней...
На чале на дзявочым вянок —
Ад скрынь золата, скарбаў мілей.
Грошы я пражыву, як нажыў,
Або ўкрадзе благі чалавек;
Тваё ж сэрца, цябе каб здабыў,
Хто праз цэлы мне выдзера век?
Дык хадзі ж, не стыдайся, к грудзям
Сваім белым мяне прыгарні;
Дай мне шчасця на зайздрасць людзям,
Спяі песню, нуду разгані.
[1906-1910]