epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Падымайся, ўставай!..

Падымайся, ўставай!

Апранай капоту:

Ад двара, ад купца

Клічуць на работу.

 

Падымайся, ўставай!

Шмат ё латаць дзюрак:

Зарос кустам дзірван,

Трэба сотню шурак.

 

Падымайся, ўставай!

Умыйся слязою:

Кабыліну ваўкі

Кончаць за гарою.

 

Падымайся, ўставай!

Думкі патрывожы:

Хмара йшла, разнясла

Твае гоні-збожжа.

 

Падымайся, ўставай!

Звяла немач сына:

Трэба ймшу закупіць,

Трэба дамавіна.

 

Падымайся, ўставай!

Не бурчы спрасонку:

Дружкі йшлі і зайшлі,

Просяць у карчомку,

 

Падымайся, ўставай!

Прапіў, выпіў — годзе!

Цэлы свет у вачах

Калаўротам ходзе.

 

Падымайся, ўставай!..

І нашто ж ты здаўся?

Пацягнулі ў астрог;

Ну, вось і даспаўся!

 

1908




Беларуская Палічка: http://knihi.com