epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пакахай мяне, дзяўчынка...

Плыве рэчачка далінкай,

Рыбак шмат у ёй;

Пакахай мяне, дзяўчынка,

Як рыбкі ручэй!

 

Без вадзіцы б аніколі

Рыбкі не жылі;

Без кахання шчасця, долі

Няма на зямлі.

 

Няма з кім дзяліці гора,

Смутку і пацех;

Вылі слёз хоць цэла мора,

Чужым будзе смех.

 

Хто ж кахае, ўсё згадае,

Адчуе душой;

Не чурайся ж, дзяўчыначка,

Сэрца мне ўспакой.

 

Разам будзем жыці ў хатцы,

Разам песні пець;

Будзе раем свет здавацца,

Ўсё праўдай яснець,

 

Атачу цябе з душою

Апекай сваей;

Не зазнаеш ты за мною

Крыўду ад людзей.

 

Жыццё будзе слацца кветкай,

Сонцам заблішчыць;

Гэй, у долі добрай гэткай

Слёз не будзеш ліць!

 

Пакахай жа мяне толькі

Усяей душой,

Не дай з жалю марнавацца,

Сэрца супакой!

 

[1906-1909]


[1906-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан