epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Пакіньма напуста на лёс свой наракаць..."

* * *

Пакіньма напуста на лёс свой наракаць,

Скрозь слёзы скаргі сеяць па зямлі,—

Нам трэба жыць і долю папраўляць,

Каб нас патомкі з часам не клялі.

 

Блудныя сцежкі цёмнага жыцця

Навукі сонцам мусім рассвятліць,

Каб мы і наша ў прышласці дзіця,

Не блудзячы, маглі свой век дажыць.

 

Штандар свабоды хай вядзе усіх

У свет на бітву з цемрай і са злом,

А гікі грозьб мучыцеляў глухіх

Глушыма вольнай песні перуном.

 

Навукай, воляй зможам стогн бяды,

Засеем долю на роднай зямлі,

І зажывём шчасліва мы тады,

Як прадзеды век нашы не жылі.

 

22 кастрычніка 1906


22.10.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан