epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Памяці Максіма Горкага

Праспяваў сваю песню аб сокале,

Скалыхнуў белы свет буравеснікам.

 

Вачэй тваіх ясных зара-зараніца

Як ясна свяціла, так будзе свяціцца,—

Ці то сярод вёснаў, ці то сярод зім,

Усім пакаленням, народам усім.

 

Шляхі-пуцявіны асветліваць будзе

У цёмныя ночы прыгнечаным людзям,

Каб з правільнай сцежкі не збіцца ў жыцці,

За шчасце, за волю наперад ісці.

 

Тваіх думак ясных, як яснае неба,

Як рунню квяцістай пакрытая глеба,

А ўзлётных, крылатых, як птушкі-арлы,

Ніхто не забудзе — ні стар, ні малы.

 

Твой голас сардэчны, а мілы, як струны

Пявучае ліры, спакойны, задумны.

Я слухаў яго, і мне сэрца расло,

Мы ўсе яго чулі... нядаўна было.

 

Ён клікаў ісці на шляхі, на дарогі,

Дастойныя сталінскай слаўнай эпохі,

Вачамі адкрытымі ў сонца глядзець

І звонкае слова тварыці, як медзь.

 

Мяне ты тады йшчэ заўважыў, мой сокал,

Калі была цемра і жудасць навокал,

І гора стагнала з капца да капца,

Здавалася, ночы не будзе канца.

 

Сваім зоркім вокам мяне ўсё ж прыкмеціў,

Забытага светам, людзьмі, ў беспрасвецці,

І песню маю спадабаў, пахваліў...

О, як жа тады быў я рад і шчасліў!

 

А песня была з беларускіх загонаў,

Аграбленых, скованых царскім законам.

Былі мае словы: — А хто там ідзе?

А ты быў магутны ў сваёй барацьбе.

 

Сягоння іначай — не стогне, не плача

Мой край раскаваны, багаты, юначы,

І песні свабодна звіняць з краю ў край,

Ці гэта на свеце кастрычнік, ці май?!

 

Народ беларускі, пазбыўшыся путаў,

Сваіх другаў помніць і кожнай мінуты

Цябе ўспамінае у думках сваіх,

Вялікага друга народаў усіх.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан