epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Памяці Мар’і Канапніцкай

І сышла ты, пяснярка народаў,

Божы светач жывых пакаленняў,

Ў новы край невядомага быту

Ад жыццёвых няпраўд і цярпенняў.

 

І пакінула загадку свету —

Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі:

Ці то сонца зайшло назаўсёды,

Ці ім долю мо іх пахавалі?..

 

Бо як песня твая ўсемагутна

Безгранічна звінела, будзіла,—

Так няма ні граніцы, ні меры

Ўсёй жальбе над тваёю магілай.

 

І хаця сэрца сціхла, заныла,

Хоць, як зоры, ўжо вочы не свецяць,—

Голас думак тваіх яшчэ будзе

Не з адным гаманіці сталеццем.

 

Дух твой з светласцяй неба сальецца

І з праменнямі сонца святога

Слёзы-росы высушываць будзе

І паказываць к праўдзе дарогу.

 

Памяць насып-магілку ўхарошыць

З жывых кветак рукою сірочай,

Як квяцісты былі твае песні

Сярод земскай і сцюжы, і ночы.

 

А з мільёнаў грудзей набалелых

Плысці ўздох з веку ў век не пакіне

Па заступніцы ўсіх нешчаслівых,

Па вялікай пяснярцы-княгіні.

 

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com