epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Памяці С. Палуяна

Куды ідзём?.. куды пракляцце нас вядзе?

Якія далі здабываем?

Дзе гарт, надзея, вера ў будучыну — дзе?

Чым сэрцы, думы акрыляем?

 

Няшчасны край! чым быў, чым стаў, чым будзеш ты

З сваім прыдаўленым народам?

Як нёс — нясеш ярмо упадку, слепаты

І змен чакаеш год за годам.

 

Чакаеш ты... а толькі жалабы ўсё чуць;

Асот уеўся ў твае гоні;

Сыны твае загубе сілы аддаюць,

Губляюць косці ў беспрытонні.

 

Сцяжыны замкнуты туды, дзе ясны быт

Душы не кідае ў бадылі;

Шырок гасцінец вечна толькі чыст, адкрыт

К шынку, астрогу і магіле.

 

З канца ў канец залеглі толькі туманы,

Адвагу выгнала трывога:

З-пад хмар злятаюцца на жыр свой груганы,

Над гэтай грагаюць пажогай.

 

Куды ідзём?.. У паніжэнні, ў цемнаце

Яшчэ адно загасла сэрца,

Хоць так прыветна біла зорам, яснаце,

Як толькі душ вялікіх б’ецца.

 

Не стала сіл змагацца з блудам векавым,

Змагацца з доляю няшчаснай,

На радасць недругам, на жаль нямы сваім

Прыбыў курган, курган напрасны.

 

Так мала жыў, а столькі ўжо рабіў надзей

Сваім паглядам нештодзенным!

Якіх не роіў сноў аб старане сваей,

Як верыў ў свой народ нязменна!

 

Як верыў, як да родных рваўся ніў і сёл

З душой і сэрцам беларуса!

Любіў даль светлага прыволля, як арол,

Не знаўшы думам сваім мусу.

 

Шукаў ўсё праўды між чужымі і сваймі.

І ўсюдых праўду гэту гналі;

Адзін-адным стаць мусіў сам паміж людзьмі,

У думках мкнучы вышай, далей.

 

Для беларускіх грамадзян байцом, слугой

Так шчырым быў, а грамадзяне —

Эх! ніткаю к пятлі плацілі не адной,

Хоць колькі ўздоху ў час расстання...

 

О, стыд і ганьба вам, сляпні, што сілам маладым

К жыццю гародзіце запоры!

Пагардай вам патомак плюне ў вочы ўсім,

Пракляццем памяць абгавора.

 

За што, чуць-чуць прабуды з’ява к нам сышла,

А ўжо сляды крыжамі знача?

За што расіць алтар свой кроўю пачала?

Зірнула мараю звадзячай?

 

Сышоў ваяк за долю, волю і народ,

Пяском засыпалі жвіровым.

Спі, мой таварыш, спі! надойдзе новы ўсход,

І брат заплача добрым словам.

 

Спі, дружа мой, сявец у родных слоў сяўбе

Па нашай дрэмлючай старонцы!

Няхай зямелька будзе лёгкай для цябе,

Як лёгка рваўся ты да сонца.

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com