epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Памяці Т. Шаўчэнкі

(25 лютага 1909 г.)

Сягоння на Ўкрайне вялікае свята:

Ў дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара».

На ўсіх і павага, і стройныя шаты,

І песні не моўкнуць свайго песняра.

 

Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды

Паклон б’е разбуджана ўся старана,

Талкуюць аб гэтым Дняпровыя воды,

І думае думу стэпоў цішына.

 

Пясняр кабзарысты нікім не забыты,

Як жыў дзеля песні, так з песняй не ўмёр;

Здабыў сабе славу не з мармурнай пліты,

А з слоў, што не крыша ні век, ні тапор.

 

Сын беднай сямейкі, нядужы рукамі,

Штыхам і гарматам ён пострахам быў;

Кавалі яго, як звяра, ланцугамі

І кідалі ў лёхі, каб згінуў, не жыў.

 

Сляпні! Ім і думкі адбеглі з трывогі,

Што людзі — як ён — і ў магілах не мруць,

Што можна звязаць толькі рукі і ногі,

А вольныя думы — хто важыўся скуць?!

 

Бываюць упадкі — люд стогне балесне;

Пясняр паявіўся, і ўцехі звіняць;

Пясняр умірае... а песня?.. а песня?..

Эх! каменю толькі не дана паняць!

 

Жыве гэта песня, як віхар клакоча,

Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць,

Зрывае запоры і брамы ламоча,

І крыўда нямее, і змога дрыжыць.

 

Калісь воклік песні і свет нам адмене,

Адслоне другія пуціны жыцця,

Шчаслівасці яснай узойдуць праменні,

Аквеціцца доляю лепшай зямля.

 

Дык дай жа чэсць песні на Ўкрайне! За Украйнай

Той кожны, хто праўды не здрадзіў жывой;

І ўспомніце «бацьку», што пеў незвычайна,

Што славе ўкраінскай служыў ўсёй душой.

 

О, слаўны ўкраінча, сын верны народу!

Ты роднага слова ў сабе не глушыў,

Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах,

Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў.

 

На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,

На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,

У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы

Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.

 

І к нам тваё слоўца не раз далятала;

Мы слухалі ўцешна, што бае сусед.

Цяпер жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы,

Прымі, брат, і наш беларускі прывет!

1909




Беларуская Палічка: http://knihi.com