epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Памяці дагестанскага ашуга Сулеймана Стальскага

Уміралі, будуць уміраці людзі,—

Такая ўжо доля, доля чалавека,—

А народ жыць будзе, песня жыці будзе,

Пакуль свет жыць будзе — ад века да века.

 

Ці там, дзе на скалах вольнага Каўказа

Днююць і начуюць арлы на свабодзе,

Ці там, дзе з пургою, з завірухай разам

Белыя мядзведзі ля полюса бродзяць,—

 

Песня чутна ўсюды

Ў бязмежным прасторы,

Ці то дзень, ці ночка,

Ці сонца, ці зоры.

 

Хто стрымае хвалі

Мора-акіяна,

Хто стрымае голас

Песні раскаванай?!

 

*

У краіне гордай, горы дзе пад неба,

Дзе быў прыкаваны Праметэй да скалы,

Рос і гадаваўся ў бядзе, без хлеба

Сулейман гаротны, наш пясняр удалы.

 

Гналі, высмявалі багачы і князі,—

Яго песні-думы былі ім не мілы.

У сваім ауле з гора не вылазіў.

У бядняцкай саклі шчасце не гасціла.

 

Ды мінулі годы

Бедаў і кайданаў,

Прыйшла радасць, воля

Ў хату Сулеймана.

 

Песні яго ў людзі

Выйшлі гулка, дзіўна,—

Ўдаўся у ашуга

Голас салаўіны.

 

*

Аб Сталіне мудрым, аб жыцці шчаслівым,

Што бурліць сягоння залатой крыніцай,

Аб людзях-героях, аб цвітучых нівах

І аб сонцы ясным, што на небе йскрыцца.

 

Былі твае песні, ашуг Дагестана,

А ў тых песнях гоман зямлі нашай чуўся,

І рэха ляцела дарогаю слаўнай,

Ажно з-пад Эльбруса і да Беларусі.

 

Спі, пясняр наш родны.

Ты жыццё прыгожыў.

Аб табе таксама

Народ песні зложа.

 

Будзеш жыць ты ў сэрцах

Думкаю арлінай

На красу і славу

Роднае краіны.

 

1937




Беларуская Палічка: http://knihi.com