epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Памрока над польшчай завісла...

Памрока над Польшчай завісла,

Не спіцца ў палацах магнатам.

Крывава хвалюецца Вісла,

Бунтуе сялянства па хатах.

 

Бастуе галодны рабочы,

Гудкі на заводах чуць дышуць.

Цягнік адзінокі сіроча

Вагоны пустыя калыша.

 

Па вуліцах п'яных Варшавы

Снуюць прастытуткі і франты.

У думках аб рэзнях крывавых

Шабелькамі звоняць сяржанты.

 

Бельведэр ахутаны змрокам,

Начніцы вядуць гаспадарку.

У паліцыі бродзяць пад бокам

Чырвоныя здані па парку.

 

Скаголіць нядоля па сёлах,

Канае па местах галота.

Малебны ксяндзы па касцёлах

Спраўляюць за ўдовіны злоты.

 

На згорбленых кракаўскіх вежах

Надгробны час звоняць куранты.

Да нашых узброеных межаў

Паўзуць, як вужы, дыверсанты.

 

Зблякнее сцяг бела-чырвоны,

Апусціць арол белы крылле.

Груган пракрумчыць пахароны,

Завыюць ваўкі на магіле.

 

Няпамяццю будзе пакрыты

Дух панскі, нікчэмны, абшарны,

І панская Рэч Паспаліта

Мінецца, як прывід кашмарны.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан