epub
Пецярбург, 1913
Вільня, 1927
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Паўлінка

Камедыя ў двух актах

Асобы
Акт першы
  З'ява I
  З'ява II
  З'ява III
  З'ява IV
  З'ява V
  З'ява VI
  З'ява VII
  З'ява VIII
  З'ява IX
  З'ява Х
  З'ява XI
  З'ява XII
  З'ява XIII
  З'ява XIV
  З'ява XV
Акт Другі
  З'ява I
  З'ява II
  З'ява III
  З'ява IV
  З'ява V
  З'ява VI
  З'ява VII
  З'ява VIII
  З'ява IX
  З'ява Х
  З'ява XI
  З'ява XII


Асобы

 

Сцяпан Крыніцкі - засцянковы шляхціц, 45 г.

Альжбета - яго жонка, 40 г.

Паўлінка - дачка Крыніцкіх, 19 г.

Пранцісь Пустарэвіч - сваяк Крыніцкіх, 50 г.

Агата - яго жонка, 43 г.

Якім Сарока - настаўнік, 25 г.

Адольф Быкоўскі - 24 г.

Госці, музыкі.

 

Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх.

 

 

Акт першы

 

Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра - стол; каля стала - лавы і табурэцікі, над сталом - вісячая недарагая лямпа, на сцяне - абразы. Налева - дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра - куфар. Напроці - сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі - ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева - у кутку - печ; на сцяне стрэльба, старасвецкі, з гірамі гадзіннік і некалькі тандэтных малюнкаў. Час - асенні вечар перад Пакровамі.

 

 

З'ява I

 

Паўлінка адна.

 

Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі - у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона - Паўлінка пяе.

Паўлінка.

Ой, пайду я лугам, лугам,

Дзе мой мілы арэ плугам;

Ой, пайду я лугам, лугам!

Ён арэ поле валамі,

А я плачу ўсё слязамі;

Ён арэ поле валамі.

 

(Перастаўшы пець.)

 

Э-э! штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)

 

Дый чаго ж ты, дуб зялёны,

Пахінаешся?

Дый чаго ж ты, мой міленькі,

Задумляешся?

 

(Пеючы, падыходзіць да акна і паглядае, пасля зноў садзіцца.)

 

А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі... Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заўтра Пакровы... у Міхалішках кірмаш... Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць. (Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)

 

Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,

Селі яны, палі на сівым Дунаі!

 

Селі яны, палі, ваду замуцілі

Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.

 

Бадай тыя гусі марне запрапалі,

Як мы любіліся - цяпер перасталі.

 

(Паглядзеўшы ў акно.)

 

Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) І што гэты тата да яго мае. З таго часу як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усё роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата - дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я - сваё. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці - маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы...» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна ён!

 

 

З'ява II

 

Паўлінка, Якім.

 

Якім. Вось і я - як тут быў! Добры вечар ясне-пекнай панне Паўлінцы. Што, золатца маё ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісніка? (Глянуўшы на бакі.) А ці нікога няма? (Гаворачы, набліжаецца да Паўлінкі, вітаецца і хоча абняць яе.)

Паўлінка (баронячыся). Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой.) Пазваленне ёсць гэтак позна прыходзіць?

Якім (садзячыся). Ёсць, ёсць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата твой дома ці не? Бо ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасць...

Паўлінка (садзячыся за шыццё). Ой, чаму ж не ведаю: як між катом і сабакам якраз. Але, але смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі з «Песні аб Сокале» М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)

Якім. Та-а-к! Значыцца, тым кшталтам, вечарынка будзе.

Паўлінка. Так, так! Вечарынка быць-то будзе, але не ўсе на ёй будуць.

Якім. Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосць ды прыйду. Што ж яны са мною зробяць?

Паўлінка. Зрабіць-то нічога не зробяць, але і ты сам нічога не зробіш, а толькі пераробіш...

Якім (робячы папяросу). Ці ясне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ёй?

Паўлінка. Ого, скуль такая далікатнасць? Рукам каля дзяўчыны дае волю без пытання, а як папяроску закурыць, дык пазвалення просіць. Не пазваляю затое, вось і ўсё тут!

Якім. А я закуру.

Паўлінка. А я не дам!

 

Кідае шыццё і хоча адабраць папяросу. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няўмысля раскідаюць на ложку падушкі.

 

Якім (бегаючы). Ну, ужо годзе, годзе, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазвалення даваць волі не буду.

Паўлінка. Ну, калі так, то згода!

 

Садзяцца. Якім курыць. Паўлінка шые.

 

Якім (памаўчаўшы). Паўлінка!

Паўлінка. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?

Якім. Ды не! Я хацеў бы, золатца, сур'ёзна з табой пагаварыць.

Паўлінка. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур'ёзнасці. Перш-наперш будзе, ці я люблю, пасля - ці вельмі моцна, а пасля - ці гатова ўсё чысценька зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там... і паехала, як на непадмазаных калёсах... Ці ж не праўда?

Якім. Праўда-то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.

Паўлінка. Ну, дык слухаем, вашэці. А вось, можа, і новую песеньку нам спяіцё. Адно толькі за ўмовай: або надта вясёлую-вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаўшы яе, - раз, два ды бухтыль у вір галавою! вось так!

 

Паказвае і чуць не валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве.

 

Якім. Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць. Як захочаш - такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеннія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаўчаўшы.) Эх, эх! І дакуль жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?

Паўлінка (жартаўліва). Толькі не нас, а мя-не, трэба гаварыць. Мне дужа добра, весела і так лёганька, лёганька на сэрцы, што...

Якім (з дакорам). Паўлінка!

Паўлінка (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ужо маўчу... як нямая рыба.

Якім (як бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надой-дзе тая часінка, што нас злучыць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?..

Паўлінка. Ха-ха-ха! На святое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табой злюбіліся. Ну, а без таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.

Якім. Трудна-то яно трудна, але няма таго злога, каб не выйшла на добрае. Хоць бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе не ў злосці, узяліся з табой за рукі, падышлі да яго, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацечка, - я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку - вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцця нам аднаму без аднаго нямашака, ну дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленне ўзяць ды пажаніціся.

Паўлінка. Э-э!!! Не туды, мой дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні ўзад ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе не раз я і казала, але са старым дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога не выдзеўбеш. «На парог, кажа, каб і не важыўся паказвацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю!» Вось і рабі з ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў быў цябе. Ну, і дзе ж у такім разе набрацца смеласці, ісці кленчыць перад ім і прасіць пазвалення?.. Задасць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.

Якім. Так-то яно так! Але я неяк усё яшчэ надзеі не трачу - ану ж адпусціцца. Быў жа такі час, што мяне любіў ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў.

Паўлінка. Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песню цяпер пяе. Нож точыць... востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла... (Устаючы, горача.) І на векі вечныя любіць буду.

 

Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй - Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.

 

Якім (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!

Паўлінка (смеючыся). Ізноў забыўся, як завуся?

Якім. А ты ізноў сваё... Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія прось-бы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя або апошнія? Янка Лукашонак з сваёй Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваёй Дамінісяй, ды і шмат хто... Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, - ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода - і ўсё будзе добра. Я ўжо, пры-знацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму... раз, два і - гатова.

Паўлінка. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам... Хто спяшыць, той людзей смяшыць.

Якім. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз - страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыццё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласць.

Паўлінка. А што, калі зловяць? Гэта ж я не выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на свет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «бог наш уцечка» не ўдасца.

Якім. Не бойся, золатца, не зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; пасля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так, што хоць з гарматаў страляй - нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант - і ты мая на векі вечныя.

Паўлінка (нібы са злосцю). Не я твая, а ты мой на векі вечныя!

Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.

Паўлінка (падумаўшы, смеючыся). Ну, згода да... заўтрашняга дня, а там пабачым.

Якім (павесялеўшы). І даўно ўжо трэ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, - я ўжо ў садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух!

Паўлінка. Гэта ты, як пятух, а я, як...

Якім (перапыняючы). Як курыца.

Паўлінка. Не курыца, а як зязюлька.

Якім. Як зязюлька праз акно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там...

Паўлінка (смеючыся). А там ізноў фырр!..

 

Размахвае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасля хватае яго за шыю, і доўга горача цалуюцца.

 

Якім. Ох, каб гэтак усё жыццё і кожную мінутку.

Паўлінка. Ого! Разласаваўся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. (Прыслухаўшыся.) Ой, недзе туркоча! Ці не едуць толькі нашы з торгу!

Якім (прыслухаўшыся). Такі ж нехта едзе!

Паўлінка (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!

Якім (устаючы, з уздохам). Нічога не парадзіш - трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта не ро-дзяцца на свет дочкі без бацькоў!..

Паўлінка (устаючы). Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?

Якім. А як жа, прынёс, маё ты золатца. (Дастае з кішэні фатаграфію і аддае Паўлінцы.)

Паўлінка (прыглядаючыся да фатаграфіі, весела). Вось так добра! Заместа аднаго маю ўжо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за... пазухай. (Смяецца.)

Якім (любуецца ёю, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!

Паўлінка (баронячыся). Ну, ну, петушок! Не гарачыся: паспееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты.) Марш дадому! Раз, два, тры!..

Якім (у дзвярах). Помні, Паўлінка, - заўтра!.. (Выходзіць.)

 

 

З'ява III

 

Паўлінка адна.

 

Паўлінка (папраўляе ложак, пасля прыглядаецца да фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? цёпленька?.. Га?.. Каля самага сэрцайка дзявочага... Пэўне, чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана... Паслязаўтра - іншая рэч. А цяпер... (Ідзе к абразу.) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у Бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песцячыся тут (паказвае) у маладой дзяўчыны. (Напяваючы, падыходзіць да сцяны, хавае фатаграфію за абраз і, як ні ў чым не бывала, садзіцца за шыццё.)

 

Дый чым жа твая, дзеванька,

Галоўка занята? (і г. д.)

 

З'ява IV

 

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.

 

Сцяпан (п'янаваты, уваходзіць з Альжбетай з сенцаў і прыпявае).

Дзе мы едзем, дзе мы йдзём,

Карчмы не мінаем;

Дзе заедзем, дзе зайдзём, -

Там і пагуляем.

 

Альжбета (кладучы пакупкі на куфар і раз-дзяваючыся, да Сцяпана). Не смяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць!

Сцяпан. Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш... Валасы доўгія, а розум кароткі. (Прыпявае.)

 

Ой, там, на гарэ,

Мужык жонкай арэ,

А другая падбягае:

«Запражы ж ты мяне».

(Хоча абняць Альжбету.)

 

Альжбета (адпіргнуўшы). Ах ты, гнілая качарэжка! Яшчэ, можа, табе чаго захочацца?..

Сцяпан (выкручваючы нагамі).

Дзед боб малаціў,

Баба падсявала...

 

Паўлінка. Тата! Ды кіньце ўжо!.. Ось лепей раздзявайцеся ды, можа, чаго з'ясцё.

Сцяпан. А можа, гэта і добра, каханенькая, родненькая... Каб так кіслай ды гарачай капусты. (Скідае вопратку і кладзе на куфар.)

 

Скіну бурку, скіну боты

Дый надзену лапці;

Кожны дурань ці разумны -

Пан у сваёй хаце.

(Садзіцца за стол.)

 

Паўлінка (кінуўшы шыццё на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам з'есці. (Выходзіць.)

 

 

З'ява V

 

Сцяпан, Альжбета.

 

Альжбета (дастаючы настольнік з куфра). З кім ты гэтак намурзаўся?

Сцяпан (закурваючы люльку). Я і з тым, я і з сім, а ты, каханенькая, родненькая, згадай, - з кім?

Альжбета. А немач цябе ведае, з кім!

Сцяпан. Ці ж я не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) не ўсе дома? Але слухай: з зяцем!

Альжбета (здзівіўшыся). З зяцем?!

Сцяпан. Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з сваццяй, а як Сцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.

Альжбета (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі ж ты ўспеў яго нажыць?.. Дачка яшчэ замуж не вый-шла, а бацька ўжо зяця мае!

Сцяпан. Калі не маю цяпер, дык буду мець у чацвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі збіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб слізчэй усё пай-шло, дык перш мяне ён падмазаў.

Альжбета (садзіцца). Так бы і казаў адразу. А хто ж гэта такі?

Сцяпан. Адольф Быкоўскі!

Альжбета. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскога. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам дык голы як бізун.

Сцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін, ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая, родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. «На гэтым жа кані, кажа, заўтра да васпанства заедуся з кірмашу». (Мацаецца па кішэнях, сам сабе.) Дзе ж бы яна падзелася?.. (Да Альжбеты.) Ты, баба, ці не бачыла кніжкі, што я купіў сягоння? Дзе яна прапала?

Альжбета. А што я, пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў, можа, з гэтым сваім зяцем.

Сцяпан (ідзе к куфру, знаходзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фатаграфію). Каханенькая, родненькая, не думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён пры-едзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасцяй і ўсё такое...

 

 

З'ява VI

 

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.

 

Паўлінка (уваходзячы з міскай, з лыжкамі і хлебам пад пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасць і ўсё такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыццё.)

Сцяпан (ядучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць.

Паўлінка (просячы). Скажыце, скажыце, та-тачка!

Сцяпан. Ага, ні села ні пала, захацела баба сала! Калі ўжо табе, каханенькая, родненькая, так хочацца, дык скажу. (З павагай.) Знакам тым, гэты паніч з далікатнасцяй і з усякім такім - мой зяць.

Паўлінка (пырснуўшы смехам). Зяць?!

Сцяпан. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.

Паўлінка. А як жа годнасць гэтага... гэтага, ну, як яго... што некалі татавым зяцем зробіцца?

Альжбета. Дык гэта ж, гэты... Ты, пэўна, яго бачыла некалі... Адольф Быкоўшчык.

Паўлінка. Быкоўшчык!!

Сцяпан. Але. Але! Пан Адольф Быкоўскі!

Паўлінка. Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця.

Сцяпан. А ты што? Зломак?

Паўлінка. Зломак - не зломак, але і за ламаку не пайду.

Сцяпан. А дзяга нашто?

Паўлінка. На ўсё, толькі не на паганяку к за-мужству.

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, яшчэ па-глядзім, дзе каго пасадзім.

Альжбета (ядучы, да Сцяпана). Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.

Паўлінка. Татка, ведаеш не сягоння, за каго я толькі пайду або за нікога.

Сцяпан (змяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол). Што?.. За каго?..

Паўлінка (устаючы і ідучы к ложку). За каго? За Якіма.

Сцяпан (стукаючы кулаком па стале). Маўчы, гадаўка! Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і звання не было ў маёй хаце, каб яго імені я не чуў ніколі... гэтага недавярка, гэтага... гэтага забастоўшчыка! Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая, родненькая...

Паўлінка (паірытавана). Нашто дарэмшчыну вясці. Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і не робіць.

Сцяпан (закурваючы са злосцю люльку). Чорт яго бяры, не тут успамінаючы, - рабіў ці не рабіў. Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.

Альжбета. Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала!

Паўлінка (кінуўшы на ложак шыццё і ідучы к сталу). А даўно гэта, татка, сам з ім цалаваўся?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не лезь у вочы. А не то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.

 

Паўлінка ідзе з міскай к дзвярам; неўспадзеўкі дзверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п'яны Пранцісь Пустарэвіч, за ім - яго жонка. Пранцісь няўмысля выбівае міску ў Паўлінкі.

 

Паўлінка. Ай, што ж гэта, дзядзька, зрабілі?

 

 

З'ява VII

 

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.

 

Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабру-дзею! Пахвалёны Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!

Сцяпан і Альжбета. Навекі.

Альжбета. А мае ж вы родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца ж, раней за нас выехалі?

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане дабрудзею.

Агата. Тудэма-сюдэма, ці ж гэта мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў? Ён жа, як рызнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.

Пранцісь. Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела - маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны - тонка панімаю, што і як раблю.

Альжбета. Ды садзіцеся ж, мае міленькія!

Агата. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. (Садзіцца, а за ёй - іншыя.)

Сцяпан. Э, што там такое! Выспімся! Дзякуй Богу, ночка не пятровая, а пакровая.

Паўлінка (падбіраючы чарапкі). Заўтра госці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзве адкупіў.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып'ем па місцы. (Дастае з бакавой кішэні пляшку, пацягае з яе і хавае назад.)

Альжбета (смеючыся). А каб гэта нам сваток даў гэтай сусолькі пассаць. Ці ж мы з сваццяй паскрэбкі...

Паўлінка (выходзячы з чарапкамі). Ого! Гэтых свянцоных кропель дзядзька і канаючаму не даў бы, не то што... (Выходзіць.)

 

 

З'ява VIII

 

Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.

 

Пранцісь (услед Паўлінцы). Глупства, глуп-ства, пане дабрудзею. Маладзенькая яшчэ, мала-дзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.

Агата (да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?

Альжбета. Ат, сёе ды тое. Паглядзіце, калі хочаце. Нічога такога цікаўскага. (Устаюць і ідуць абедзве да куфра і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі.)

Пранцісь (да Сцяпана). Чуў, сват, пане дабру-дзею, што сягоння людзі казалі?

Сцяпан. Не, не, каханенькі, родненькі, не чуў, не было калі! А што?

Пранцісь. Ды як жа, вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і, собственно...

Агата (перабіваючы з месца). Не чатырыста ты-сяч, а чатыры сотні тысячаў...

Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабрудзею. Усё роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касцёл з сабой нясе, пане дабрудзею.

Агата (з месца). Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры, на машыне, што лётаюць, гэты касцёл вязе.

Сцяпан і Альжбета (здзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касцёл вязуць!..

Агата. Але ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.

Сцяпан. Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Як паставяць гэты спранжыновы касцёл, то можна бу-дзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэння. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!! А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым... з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі.

Пранцісь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы не шкодзіла б, пане дабру-дзею.

Альжбета. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладдзю. Пайшло такое распуства на свеце, што не дай Божа! Заместа кніжак ды набажэн-ства - чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер ва ўсіх па галаве ходзіць. Гэта ж мне калісь сказалі: ідзі за Сцяпана, - я і пайшла без ніякай спрэчкі са сваімі старымі.

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як да мяне пасватаўся, бацька-нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы не возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пайшла.

 

Глядзяць абедзве на сваіх мужоў, пасля - адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клункі.

 

Пранцісь. Так, так, пане дабрудзею, іначай калісь было. (Дастае пляшку і п'е, а пасля дае Сцяпану.) Собственно, глупства, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела.

 

Сцяпан п'е, Пранцісь прытрымлівае за пляшку, каб той залішне не выпіў.

 

Сцяпан (абціраючы вусы ды сплёўваючы). Шчыпецца, каб яе гаручка!

Пранцісь (хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане дабрудзею.

 

Абодва закурваюць.

 

Альжбета (да Агаты). А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?

Агата. Ды трэба ж будзе як сцягацца.

 

 

З'ява IX

 

Тыя ж і Паўлінка.

 

Паўлінка (уваходзячы, да Альжбеты). Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца.

Альжбета. Яшчэ паспее... Дай мне з цёткай разгаварыцца.

Паўлінка. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас з цёткай пагавару.

Агата. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.

Альжбета (выходзячы). Ну, як сабе хочаце.

 

Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсьці гавораць.

 

 

З'ява Х

 

Паўлінка, Сцяпан, Пранцісь, Агата.

 

Сцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага... як ён... а каб цябе... (Да Паўлінкі.) Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоння падмазываў?

Паўлінка (з месца). А скуль жа я магу ведаць, хто татку мазаў?

Сцяпан. Ну, гэты ж?.. каб ён цяміўся... зяць, зяць!

Паўлінка (прыпамінаючы). Як жа ён, як?.. Здаецца, Бык... Бычок...

Сцяпан. Ага, ён, ён. Не, не так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да Пранціся.) Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?

Пранцісь (дастаючы гарэлку). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П'е і дае гарэлкі Сцяпану.)

Сцяпан (выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваёй загляньце да нас. Ану ж, каханенькі, родненькі, можа, які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, і прыйсці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.

Сцяпан. Блізка-то блізка, але каб не было слізка: на дождж як бы збіраецца.

Паўлінка (з месца). А ці, татка, каня паілі?

Сцяпан. Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да Пранціся.) Можа, разам з сватам пой-дзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі б кабыла ўцякла. (Да Агаты.) Праўда, баба?

Агата (з месца). Што - праўда?

Пранцісь. Собственно, калі б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.

Агата. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам ездзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта ж і мне з памяці сышло.

Сцяпан. Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы.)

Чаму ж нам не пець,

Чаму ж не гудзець,

Калі ў нашых хатачках

Парадак ідзець?

 

З'ява XI

 

Паўлінка, Агата.

 

Паўлінка. Але ж калі я яго люблю, цётачка.

Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька не хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.

Паўлінка. А што там людзі? Яны ж з ім жыць за мяне не будуць і па маёй смерці за мяне пакута-ваць не будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.

Агата. Як уважаеш, мае дзеткі. Што ж, я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.

Паўлінка (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.

Агата. Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, - патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.

Паўлінка (як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў... Хораша так аб усім расказваў... як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усё ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад'юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні».

Агата. Чула я, чула аб ім не раз. Вельмі ўжо, ка-жуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.

Паўлінка (ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім...

Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.

Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..

Агата (хрысцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! Матачка Найсвентшая!

Паўлінка (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны... (Заглядзеўшыся ўдаль.) Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста - жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?

Агата (тулячы да сябе Паўлінку, праз слёзы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.

Паўлінка (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць, - я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося.

Агата. А ўсё ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?

Паўлінка. Бо... бо Якім з мужыкоў...

 

 

З'ява XII

 

Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь.

 

Пранцісь (за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.

Сцяпан (уваходзячы ў хату, а за ім Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэт-кую яшчэ цемру.

Агата (усхапіўшыся). Каго прывязаць?

Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.

Агата. Дык дзе ж кабыла?

Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.

Агата (падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваёй хаце!

Пранцісь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.

Агата (хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дае). Вось я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай... гэтай...

 

 

З'ява XIII

 

Тыя ж і Альжбета.

 

Альжбета (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?

Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)

Альжбета (да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, - пэўна, там; гэта ж ёй не першыня.

Агата. Ці ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.

Сцяпан (закурваючы люльку). Супакойцеся, свацця. Не дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.

Агата. А сват, тудэма-сюдэма, не сунься з сваім носам туды, куды цябе не просяць. (Да Пранціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..

Пранцісь (устаючы). Глупства, пане дабру-дзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.

Агата (выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Пахвалёны Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!

 

Выходзяць, за імі - Альжбета з клінком.

 

 

З'ява XIV

 

Паўлінка, Сцяпан.

 

Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, - ужо пазбыўся.

Паўлінка. А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі і татка дамоў пехатой прытрапаў?

Сцяпан. Што было, тое сплыло, і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.

Паўлінка. Паглядзім. Заўтра кірмаш.

Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.

Паўлінка. Што ён конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?

Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.

Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.

Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.

Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукер не раз-мокне.

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоння каляндар - нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, пагля-дзім праўды.

 

Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае.

 

(Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?

Паўлінка (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, тата!

Сцяпан. Я пытаюся - хто гэта?

Паўлінка. Ці ж, тата, не бачыце?

Сцяпан (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)

Паўлінка (скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзеквайцеся над ім...

Сцяпан (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адча-піся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў...

 

Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцамі фартух.

 

 

З'ява XV

 

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.

 

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, не дзе падзенецца.

Агата (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і слядоў прыглядаліся.

Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшла-ся. (Да Сцяпана.) Што ты там круціш у руках?

Сцяпан (тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбе-це). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!

Альжбета (закрываючы рукою твар). Чаго соваешся... Такая яна і твая, як мая.

Сцяпан. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.

Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?

Сцяпан (паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!

Пранцісь (разглядаючы). Эгэ! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей... Собственно, Сарока, вось-цо-да.

Сцяпан. Але ж, але! Якім Сарока.

Агата (да Сцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.

Пранцісь (да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, не лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваёй спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд зробім... правы і скоры.

Паўлінка (падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.

Альжбета. Што я з ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе...

Сцяпан (да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?

Пранцісь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясці. Собственно, інквізі-тарскі суд зрабіць - па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.

Паўлінка (кідаючыся да Сцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь слёзы). Татачка, аддайце! Не здзеквайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.

Сцяпан (са злосцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)

Паўлінка (з плачам апускаючыся на лаву). Татка, загубіць мяне хочаце... Гвалтам з хаты выгнаць.

Пранцісь (дастаючы пляшку). А цяпер, соб-ственно, вып'ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П'е.)

Паўлінка (усхапіўшыся з лавы, кідаецца да Пранціся). Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў не варт! (Вырываючы і разбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!

Пранцісь (развесіўшы рукі, здзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!

 

Заслона

 

 

Акт Другі

 

Тая ж самая - што ў першым акце - святліца. За сталом сядзяць: Сцяпан, Альжбета і госці - тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны - з другога. П'юць гарбату, наліваючы на сподкі, закусваюць. Дзецюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гле-дзячы ад публікі) пры сцяне ад бакоўкі - сядзяць два музыкі і, зводзячы інструменты, ціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-святочнаму, увіхаецца каля гасцей. Трохі ў твары змяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона - Паўлінка нясе гарбату.

 

 

З'ява I

 

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, госці, музыкі.

 

Паўлінка (стаўляючы гарбату перад Сцяпа-нам). Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не бядуй. Не будзе Гіршы, будзе чорт іншы.

Паўлінка (насмешліва). Мала што будзе... Але ж калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык... Бычка... Ах, як яго?..

Сцяпан (з націскам). Быкоўскага.

Паўлінка (падыходзячы да другога канца стала). Можа, Адэльцы яшчэ шкляначку?

Адэлька (госця). Дзякуй. Ужо напілася.

Альжбета. Ды бяры! Што там пытаешся? Панна Адэля толькі дзве выпіла.

Адэлька. Калі ж болей не хочацца.

Паўлінка (забіраючы шклянку). Вып'еш, вы-п'еш, Адэлька, - змесціцца.

Альжбета (падсоўваючы гасцям яду). Старайцеся, госцікі, старайцеся. Вось - сыр, масла, вяндліна! Такі ж сягоння трохі папрацавалі каля полькі ды лявоніхі.

Колькі галасоў (перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.

Сцяпан. Чым хата багата - тым рада. Хлеб на стале - рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як наліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.

Музыка (убок да другога). Каб не салгаў, дык бы і не жыў. Я сам бачыў, як пасля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.

Другі музыка. Слухаць! Скнэра, і больш нічога.

Паўлінка (паставіўшы Адэлі шклянку, да аднаго з гасцей). Можа, пан Вінцусь яшчэ вып'е?..

Вінцусь (госць, уціраючы канцом настольніка губы і лоб). Яно б то было ўжо і досыць, але калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.

Паўлінка (ідучы са шклянкай). Гэты ўжо дык пятую шклянку бабохае...

Сцяпан (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга няма?

Альжбета. Каб і не прасіла, то прыедуць. (З насмешкай.) Пэўне, собственно, кабыла заблу-дзіла.

Адзін з гасцей. Штось сягоння на кірмашы Якіма Сарокі не было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусці мяне к чорту.

Паўлінка (стаўляючы гарбату). А пану Банадысю зайздрасць, што так прыадзецца не патрапіць, хоць мо і мае, за што.

Госць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.

Паўлінка (садзячыся на ложку). І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.

Госць (самадавольна). Хе-хе-хе! А панне Паў-лінцы злосць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму ягамосцю Сароку ні за які працэнт не пазычыў.

Паўлінка. Вельмі ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасць паехаць на настаўніцкія курсы. Цяпер нічыёй ласкі не патрабуе.

Адна з гасцей. Пэўне, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.

Сцяпан (прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароку). Каханенькія, родненькія, кіньце аб гэтым свінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманіце аб ім, ці не гаманіце - усё роўна нічога не выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.

Паўлінка (неспакойна). Якую дарогу?

Сцяпан. А ты, каханенькая, родненькая, не слухай, вушы развесіўшы, ды лепей гасцей глядзі. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося.

 

Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падыходзіць браць шклянкі, але ўсе адказваюцца.

 

Альжбета. Што ж, выбачайце, госцікі. Не хацелі піць і есці, пасля самі будзеце жалець.

Сцяпан. Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было.

Колькі галасоў (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні! Падмацаваліся, хвала Богу, як лепей не трэба.

Паўлінка (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесці, а паны кавалеры, вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.

Сцяпан і Альжбета (вылазячы з-за стала). А як жа - трэба, трэба!

 

Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой.

 

Альжбета (падыходзячы да музыкаў). Хадзіце, міленькія, выпіце са шкляначку гарбаты.

Музыкі. Дзякуем, пані! Мы ўжо сягоння пілі.

Альжбета. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструменты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі.) А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!

Сцяпан (закурваючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.

Музыкі. І без гэтых кропель будзем жывы.

 

Чуваць стукат у сенцах.

 

Сцяпан. А бач, нехта такі хоць нарэшце з'явіў-ся. Трэба ісці ды глянуць, а то яшчэ ў дзверы не луча. (Ідзе.)

Адзін з гасцей. Нясі, Божа, нежанатага ды багатага!

Адна з гасцей. Жаніць будзем!

Паўлінка (стаўляе музыкам гарбату, падыходзе і глядзіць у акно. Убок). Ах, як жа цёмненька!

Адзін з гасцей. Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?

Паўлінка. Таго ж - нежанатага ды багатага.

 

 

З'ява II

 

Тыя ж і Адольф Быкоўскі.

 

Сцяпан (спатыкаючы Адольфа ў дзвярах). А-а! Нарэшце з'явіўся, дарагі госцік! Што ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?

Адольф (вешаючы паліто на сцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!

Колькі галасоў. Навекі! Навекі!

Адольф (вітаючыся са Сцяпанам). Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, - і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.

Адзін з музыкаў (убок да другога). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстаў конь, ды ўсё тут.

Другі музыка. Няўжо ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.

Сцяпан (да Адольфа). Проша ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.

Адольф. Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мной клопату не рабіць.

 

Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і не згінаючыся.

 

Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып'еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паў-лінкі.) Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!

Адольф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?

Сцяпан (прысаджваючыся к сталу). Ды што ў нас чуваць? Старая баба не хоча здыхаць, а маладая замуж ісці.

Адольф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.

Альжбета (да Сцяпана). А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.

Адольф. Не турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.

Сцяпан. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, не даў. У нас так: госць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выхо-дзіць.)

 

 

З'ява III

 

Тыя ж без Сцяпана.

 

Паўлінка (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што ж гэта пана Адольфа конь хацеў разнесці?

Адольф. А як жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх не ўгоніш.

Паўлінка (хітравата). Пэўне, і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?

Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць не ўсе чыста круцяцца на адным месцы.

Паўлінка (ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцам на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.

Альжбета. Якія ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?

Адольф. А нішто сабе. (Відам лгучы.) Жыта нажаў коп са дзвесце, аўса таксама са дзвесце, ячменю - з сотню.

Адзін з гасцей. А колькі ж у пана зямлі?

Адольф. Валокі з паўтары добрыя будзе.

Госць. І лес ёсць?

Адольф (абціраючы хустачкай лоб). А як жа - ёсць: з паўвалокі, калі не болей. Сасна ў сасонку!

Госць. І сенажаць ёсць?

Адольф. Ёсць, ёсць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.

Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?

Адольф. Н-нуу, так! З добрую паўвалочку!

Альжбета. У нас ворнай зямлі, мусіць, і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.

Паўлінка (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.

Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым не зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як ува ўсіх.

Адзін з гасцей. Каб толькі не ўдалася нара-вістая.

Паўлінка. Цікавасць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?

Адольф. Гэта, пакуль што, сакрэт.

Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?

Адольф. Так. Але перш тату і маме, а пасля ўжо і васпані на самае вушка.

Паўлінка (беручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.

Адольф. Глухавата?!

Паўлінка (ідучы па гарбату, убок). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.

Альжбета. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?

Адольф. А так - першы!

Адна з гасцей. Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.

Адзін з гасцей. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак не йдуць.

Адольф. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.

Альжбета (убок). І дурны ж ён, як відаць.

Паўлінка (падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў ці дарагіх кабыл?

Альжбета. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяўчат.

Адольф (п'ючы гарбату). Але ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.

Паўлінка. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?

Альжбета. Што ты?! Ці ж пан Быкоўскі конь?

Музыка (убок да другога). Конь не конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.

Адольф (да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усё мне капліменты гавора.

Паўлінка (рассеяна). Ага! Капліменты. (Да музыкаў.) Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.

Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.

Музыка (да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо як нале-жыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструменты.)

Паўлінка (да Адольфа). А якія ж вы танцы гуляеце?

Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай папрабуем?

Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не ўмею, але ніколі нават іх і не бачыла.

Адольф. Не бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца, да музыкаў.) Зайграйце нам гэрц-польку!

Музыка. Мы гэтага не ўмеем.

Адольф. Ну, дык падзі-спаць!

Музыка. Першы раз чуем.

Адольф. А можа, падзі-кварту знаеце?

Музыка. І гэта першы раз чуем.

Паўлінка (як бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.

Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.

Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык.

 

Смех. Адольф іграе на язык і без толку выкручваецца з Паўлінкай.

 

Адольф (паказвае). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева...

 

Усе прыглядаюцца да іх і смяюцца.

 

 

З'ява IV

 

Тыя ж і Пранцісь, Агата, Сцяпан.

 

Пранцісь (п'яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.

Колькі галасоў. Навекі! Навекі!

Пранцісь (глянуўшы на Паўлінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?

Адзін з гасцей. Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў.

 

Пранцісь і Агата распранаюцца.

 

Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе святога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

Адольф (далей паказваючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!

Паўлінка (вырываючыся). Не, такі нічога не выйдзе. Не кемкая я да навукі.

Адольф (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а пасля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць!

 

Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату.

 

Пранцісь (закурваючы люльку са Сцяпанам). Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла, і праз тое трохі спазніліся. Але гэта глупства, глуп-ства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.

Агата. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб'ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё гары тэй сабе шукаў.

Пранцісь. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі не кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасцей.) А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец не ўбіўся ў ногі.

Паўлінка. А праўду дзядзька кажа. Будзем гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да музыкаў.) Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як веда-еце... каб аж свет хадыром пайшоў!

 

Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госці - хто з кім. За сталом Пранцісь са Сцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою.

 

Адольф (танцуючы, прыпявае)

Танцовала рыба з ракем,

А пятрушка з пастарнакем,

А цыбуля дзівовала,

Цо пятрушка танцовала.

 

Паўлінка (адпяваючы)

А на печы, на лучыне,

Дзеўкі грошы палічылі;

Налічылі паўталера

Дый купілі кавалера.

 

Адольф

Дзяўчынэчка суха, бляда,

Я да цебе ў госці яда

І конікаў не жалую,

Ўшыстку ночку маршырую.

 

Паўлінка

У гародзе ячмень родзіць,

А да мяне Якім ходзіць.

Радзі, радзі, ячмень, гусцей, -

Хадзі, хадзі, Якім, часцей!

 

Адольф

Сядзіць голуб на галіне,

Салавей на ветке;

С аднэй дзевушкай гуляю,

Другая ў прыметке.

 

Паўлінка

Ажаніся, не ляніся, -

Будзеш панаваці:

З аднэй будзеш свінні пасвіць,

З другой - заганяці.

 

Адольф

Наша поле камяніста -

Ні праехаць, ні прайсці.

Нашы дзевачкі фарсісты -

Нельга к ім і падысці.

 

Паўлінка

Я фарсуха, ты католік;

Не руш мяне за падолік, -

Мой падолік шоўкам шыты,

Хто палезе, будзе біты!

 

Сцяпан (як сціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.

Пранцісь (пацягваючы з пляшкі). Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыплюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.

Агата. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявуз-гаць, як латак у млыне! Гуляюць - няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.

Альжбета (да Пранціся). Можа б, чаго, сватка, закусілі?

Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты не гоне, вось-цо-да.

Паўлінка (да Адольфа). Можа, пан Адольф, спяеце нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.

Адольф (астанаўліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.

Колькі галасоў. Дык проша спець. Мы ўсе просім.

Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?

Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.

Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары).

Плываё голэмбі,

Летаё лабэндзі;

З нашэго кахання,

Пэўна, ніц не бэндзе.

 

Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.

Адзін з гасцей. Ці ж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!

Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.

Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, - блазнота, што яны знаюць!

Паўлінка (паглядзеўшы ў акно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысле вылецела слаўцо.

Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!

Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.

Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!

Адольф (пяе).

Гляджу я без толку на хладную шаль,

І чорную душу церзае печаль.

 

Паўлінка (душачыся ад смеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?

Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?

Адольф (насупіўшыся). Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)

Паўлінка. Дык і спяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!

Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і ўсе разам.

Паўлінка (да Адольфа, хітравата). А пан Адольф нам паможа?

Адольф. Ані думаў.

Колькі галасоў. А што мы спяём?

Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..»

Адольф. Фі, мужыцкая!

Паўлінка. А пан Адольф, можа б, хацеў, каб завялі якога манчыза?!

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.

Сцяпан (да Пранціся, сціха). Каханенькі, родненькі, не кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масціцца да маёй Паўлінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.

Паўлінка. Ну, дык што? Згода на гэту?

Колькі галасоў. Згода, згода!! А пасля другую.

Паўлінка. Толькі не збівацца з толку. Гля-дзець, як буду я рукамі тахты адбіваць.

Колькі галасоў. Добра, добра!

 

Пяюць. Паўлінка, сумна ўсміхаючыся, дырыгуе, пасля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.

 

Дый куды ж ты, дуб зялёны,

    Пахінаешся?

Дый чаго ж ты, мой міленькі,

    Задумляешся?

 

Пранцісь (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне не пець», пане дабрудзею.

Адольф. Ізноў мужыцкую!

Пранцісь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А васпан, собственно, сваю панскую схавай свінням на снеданне.

Агата (падыходзіць і цягне Пранціся за полы). Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!

Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!

Паўлінка. Ну, будзем пець «Як жа мне не пець, як жа не гудзець?..».

 

Пяюць, як першую.

 

Пранцісь (як скончылі). А цяпер, собственно, чачотачку, пане дабрудзею.

Колькі галасоў. Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку.)

Спарадзіла чачотачка семера дачок,

Спарадзіла невялічка семера малых...

 

Альжбета (як сціхлі). Аддыхнеце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся.) Хадзіце, сваток, за стол ды, можа, чаго закусіце, бо і ты ж памагаў.

Пранцісь (садзячыся). Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны ўсё патрапяць... правільна толькі навучыць іх. (Папіваючы з пляшкі, да Сцяпана.) А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Ім не дам, яны маладзічкі яшчэ, паспеюць.

Сцяпан. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае.)

Паўлінка (каля гасцей). А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык, можа, ізноў пагуляема?

Пранцісь (закусваючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога не ведаеце.

Паўлінка. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа.) Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы або як апошняе ў печ усыпаўшы?

Адна з гасцей. Пан Адольф, відаць, закахаўся.

Адольф. Ну, дык што, калі закахаўся?

Пранцісь (перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабру-дзею!

Усе. Лявоніху! Лявоніху!

Адольф. Ізноў мужыцкае!

Паўлінка (да Адольфа, прыпадхлебваючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусціцеся на мяне, грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.

Адольф. Ды я ўжо вельмі не гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што ж там надта такое?!

Пранцісь (да музыкаў). Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да Альжбеты.) А мы з сваццяй тупнем, вось-цо-да!..

Сцяпан (да Агаты). А мы з сваццяй, каханенькая, родненькая!

 

Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасля ідуць, за імі іншыя госці. Паўлінка з Адольфам.

 

Пранцісь (прыпявае)

О, Лявоніха-Сымоніха была,

Ды Лявону хлеба, солі не дала!

О, Лявоніха-Сымоніха, а-ей!

Не хадзі ламаць капусткі маей!

 

Альжбета

Хоць капуста зарасла лебядою,

Не пайду яе палоць за табою.

Прападзі ты і з капустай сваёй,

Не сушы ты маладосці маёй!

 

Сцяпан

О, Лявоніха, ты жонка мая,

Дый не мытую сарочку дала;

Не качаную, не мытую,

Толькі шоўкам абашытую.

 

Агата

А мой татка, дзевярусенька,

Вядзі мяне памалюсеньку.

Не вядзі мяне па пожынцы,

Вядзі мяне па дарожынцы;

Па пожынцы мае ножкі не йдуць,

Па дарожынцы дык самі бягуць.

 

Адольф

Як я бегаў, дык і бегаў,

Абы мілую праведаў;

Як каціўся, дык каціўся,

Абы к мілай прыхіліўся.

 

Паўлінка

А калі ж я у матулькі жыла,

Як вішанька у садочку цвіла,

Дасталася злому духу - мужыку,

Ссушыў мяне, як ліпінку у духу.

 

Адольф

Ты, бярозачка, бярозка мая,

Ты, бярозка, нецярэбленая;

Тваё лісце не сярэбранае,

Нашы дзеўкі непаседлівыя.

 

Паўлінка

Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, -

Завядзі мяне к татульку назад;

Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў бор, -

Завядзі мяне к татульку на двор!

 

Пранцісь (як перасталі гульню, да Сцяпана). Собственно, і дала ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.

Сцяпан. І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, - аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.

Агата. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.

Альжбета. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісці.

Пранцісь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляшку і частуецца з Сцяпанам.)

Паўлінка (да Адольфа). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае «падзі-кварта». І прыпеўкі складныя знаеце.

Адольф (нібы скромна). А трохі ж нейкіх навучыўся калісь.

Адзін з гасцей. Пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.

Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!

Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Дзякуй Богу!.. (Да гасцей.) А можа б, яшчэ пагулялі?

Альжбета. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык не шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.

Колькі галасоў. Не! Не! Ужо час і пара!

Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім снілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.

Сцяпан. А гэта не шкодзіць. (Да музыкаў.) Што ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госцікам, а там дзве дзюркі ў носе і сканчылося.

 

Музыкі іграюць марш. Госці адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі - музыкі.

 

 

З'ява V

 

Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь і Агата.

 

Сцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.

Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане дабрудзею, і будзе шумна!

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вяселле ў Паўлінкі.

Паўлінка. Э-э, майго вяселля ніколі не будзе, значыцца, і шумна не будзе!

Адольф. Ці ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, не хваце на вяселле?

Паўлінка. Хваце не хваце, а такі вяселля майго ніхто не ўбача...

Сцяпан. Гэта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсць і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.

Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вяселле, ці павесіў - адно на другое, пане дабрудзею, выходзе.

Агата. А ты, «вось-цо-да», прыкусі свой язык і не тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе не просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!

Альжбета (да Агаты). Што ж там, свацейка, такое? Сват жа нічога благога не кажа. (Да Паўлінкі.) Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.

Пранцісь. Собственно, ці свінні елі, ці шляхта папасавалася - гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.

Паўлінка. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа.) А пан Адольф мне паможа?

Адольф. Калі патраплю, дык чаму ж не?

 

Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце, каля самавара.

 

Альжбета. Вы бы, дзеткі, занеслі пасудак на тую палавіну.

Паўлінка. Усё роўна я пасля занясу сама, а цяпер... (паглядаючы хітравата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісці адна на тую палавіну!

Адольф (несучы пасудак, убок). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.

Паўлінка (ідучы к сталу, убок). І собіла ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!

Пранцісь (да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.

Агата (да Пранціся). А ты, «старожа», не мялі попусту, а думай, як дахаты ісці.

Пранцісь. Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што ж там, собственно, такое.

 

Развітваюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала.

 

 

З'ява VI

 

Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета.

 

Паўлінка. Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае.) Ну, і зграбны ж! не раўнуючы - як вол да карэты.

Адольф. А панна Паўлінка ўсё капліменты мне гавора.

Паўлінка (убок). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!

Альжбета (да Сцяпана, які клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма!

Сцяпан (сонна). Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон - не кепская рэч. Для чаго калядкі - добрыя святкі, што пад'еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа.) Каханенькі, родненькі, выбачай... Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоння яшчэ досвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану.) Ну, што? Як мая Паўліна... падышла пад мысль?

Адольф. О, важная маладзіца! Хоць сягоння гатоў з ёю жаніцца.

Сцяпан. Ну, так тупай каля яе; толькі смела; яна дзеўка падатлівая, хоць, можа, і мае трохі якіх мухаў у носе.

Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.

Сцяпан. Ну, дык падлізвайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)

 

 

З'ява VII

 

Паўлінка, Адольф, Альжбета.

 

Альжбета (сціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?

Адольф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба збірацца дамоў.

Паўлінка. Ці ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся збірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце не жартачкі!..

Адольф. О, конь мой добры!

Альжбета. Ну, дык і чаго ж спяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад'еў ды на печ.

Паўлінка (убок). Чаго добрага - заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоння нядрэнная. Нават месяц свеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.

Адольф. А хоць бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой умомант дамчыць.

Альжбета (да Паўлінкі). Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася.

Адольф. Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.

Альжбета. А ўжо ж я такі і пайду.

Адольф (цалуючы ў руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паўлінцы.

Паўлінка. Паглядзім - хто каму?!

 

Шукае карт. Альжбета выходзіць у бакоўку.

 

 

З'ява VIII

 

Паўлінка, Адольф.

 

Адольф. Чаго паненка шукае?

Паўлінка. Таго, чаго яшчэ не маю, - карт.

Адольф (глянуўшы на акно). А вось яны, на акне.

Паўлінка (убок). Думала, што не ўбачыць; скарэй бы, можа, з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да Адольфа.) Ну, калі ёсць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў акно.) А ў што?

Адольф. У гаспадара.

Паўлінка. Гэта, значыцца, у дурня?

Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты.)

Паўлінка. А як пан Адольф думаў, хто мы? То ж таксама мужыцкага роду.

Адольф. Першы раз чую!

Паўлінка. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (Іграюць у карты.)

Адольф (здзіўлены). І я?!

Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.

Адольф (здзіўлены). Адам і Ева?!

Паўлінка. І Ной, і Езус...

Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усё ведаеце?

Паўлінка. Ого, не скажу!

Адольф (просячы). Проша сказаць.

Паўлінка. Не тэй б'іце! Вот салапяка!

Адольф (паправіўшыся). Ды скажыце!

Паўлінка (нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (Адольф праігрывае.) Дурань пан! Дурань пан!

Адольф (папраўляючы). Гаспадар. (Раздае карты.)

Паўлінка (убок). Які чорта гаспадар, калі дурань?

Адольф. Што панна Паўлінка кажа?

Паўлінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?

Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?

Паўлінка. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоння, можа, пайду.

Адольф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.

Паўлінка. Аб чым - аб гэтым?

Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісці. (Праігрывае.)

Паўлінка. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!

Адольф. Гаспадаром!.. (Раздае карты.)

Паўлінка. А можа, ужо будзе? Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае, устае і паглядае ў акно. Убок.) А што, калі не прыйшоў?

Адольф (не пачуўшы). Хто не пайшоў?

Паўлінка. Я кажу, каб хаця дождж не пайшоў. (З удаванай жаласцю.) Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі.)

Адольф. І я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.

Паўлінка. Калі гэта потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?

Адольф. Ды не! Тады, як будзем... як будзем... ну, як гэта сказаць.

Паўлінка. Ізноў скруціў! (Папраўляе.) Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноў дурань, дурань, дурань!

Адольф. Гаспадар!

Паўлінка. Усё роўна, хоць гаспадар, але як карты паказваюць, дык дурань!

Адольф. Хай будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устае.)

Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Сабраўся-такі нарэшце.

Адольф. Дабранач панне Паўлінцы! Проша ча-каць - я прыеду па канчатак.

Паўлінка. Забярэце лепей яго цяпер!

Адольф. Каго?

Паўлінка. Ды канчатак той.

Адольф. А панна Паўлінка ўсё жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, убок.) Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая - дыхт для мяне жонка!

 

 

З'ява IX

 

Паўлінка адна.

 

Паўлінка (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей і не прыйшоў! Так усё неяк усярэдзіне трасецца... І нашто гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзіць ад акна да акна і паглядае.) Падшахнула ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела.) А можа, не прыйдзе?.. (Сумна.) А калі не прыйдзе, то, значыцца, ён ужо мяне не любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а там - што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы.) Прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе... (Весела.) Прыйдзе, прыйдзе! А цяпер - любіць ці не любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты.) Любіць, не любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, не любіць, к сэрцу прыжме... (Весела.) Так, так, любіць, к сэрцу прыцісне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба збірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці спяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзвярах бакоўкі.) Спяць, ажно хра-пуць, як бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у акно, задумваецца.) Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае.) Во! Гэта дык трэба забраць - так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую такжа трэба ўзяць. Усё гэта звяжам у хустку. (Рассцілае хустку і складвае свае рэчы.) А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку такжа вазьму, бо хто ж яе тут будзе насіць? І-і!! ужо болей, здаецца, нічога. (Звязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за акном. Сціха.) Ай, хтось там прыйшоў! (Весела.) Прыйшоў, мой міленькі, прыйшоў! Такі карты праўду паказалі! (Ідзе к акну.) Хто там?

Голас з-за акна (прыдушаны). Я!.. Я!..

Паўлінка (углядаючыся ў акно, убок). Нічагутанькі не відаць! Цемната страшэнная! (У акно.) Хто - я?

Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці ж не пазнала?

Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі звяжу і коўдру.

Голас. Ды мне нічога не трэба!

Паўлінка. Мала што не трэба, а я вазьму... (Хутка ідзе к ложку, звязвае падушкі і коўдру ў посцілку.) Ну, ужо гатова! (Адчыняе акно і выкідвае вузлы.) Пераймай, а зараз - і мяне! (Да сябе.) Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі б хаця ж старыя не прабудзіліся. (Зніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль адзеўшыся.) А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к акну. Чуваць шорах у бакоўцы.) Ай, нехта ўстаў!

 

 

З'ява Х

 

Паўлінка, Сцяпан.

 

Сцяпан (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коў-драй). Хто тут? Хто тут лазіць апоўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысціўшыся, кідаецца ў акно. Сцяпан убачыў.) Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к акну і хватае Паўлінку за ногі.) Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.

 

 

З'ява XI

 

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.

 

Альжбета (выбягае - як Сцяпан - акрыўшыся коўдрай; уся трасецца). Матачка Найсвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сцяне.) Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзінніка, га-дзіннік з грохатам валіцца са сцяны і разбіваецца.) Ай, што ж я нарабіла!!

Сцяпан (трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты). Куды цябе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!..

Альжбета (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!

Паўлінка (перавесіўшыся праз акно). Цягні, братка, ямчэй!

Альжбета (падкруціўшы кнот і бегучы к Сцяпану). Божухна мой! Гэта ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.

Паўлінка. Мацней, мацней, браток!

Альжбета (памагаючы Сцяпану цягнуць). Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?.. (Сцягваюць Паўлінку з акна на хату.)

Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?

Паўлінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся). Я!.. Я!.. хацела замуж ісці!

Сцяпан і Альжбета. Праз акно?!

Паўлінка. А што ж, калі татка і мамка праз дзверы не пускаеце.

 

 

З'ява XII

 

Тыя ж і Пранцісь, Адольф, Агата.

 

Пранцісь (без шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа). Собственно, пане дабру-дзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.

Агата (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся.

Паўлінка, Сцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?

Пранцісь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!

Сцяпан (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасці, зладзюга, каханенькі, родненькі!

Адольф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч). Я... я... збіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць...

Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Можа, і шапку маю ўкраў.

Агата. Ты зараз, п'яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.

Пранцісь. Собственно, а баба нашто, - каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.

Сцяпан (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?

Паўлінка (глуха). Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!

Сцяпан (самадавольна). Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць.

Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.

Сцяпан (да Адольфа). А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут не была! Не мог, як трэба, па-хрысціянску - з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!

Адольф. Я... я... толькі хацеў дарогі запытацца...

Пранцісь (развязваючы вузлы). Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцаль, вось-цо-да!

Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Звяры сляпыя!!! (Як сноп, валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады!..»)

Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсць кроплі. (Дастае з кішэні пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай.)

Агата (кідаючыся да Пранціся). Тудэма-сюдэма, ашалеў!..

Сцяпан (панура). Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося.

 

Заслона

 

 

 


03.06.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая