epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Паўстань...

Паўстань з народу нашага, прарок,

Праяваў бураломных варажбіт,

І мудрым словам скінь з народу ўрок,

Якім быў век праз ворагам спавіт!

 

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,

Вазьмі з яе прысягу і зарок,

Што не прадасць сябе, сваю зямлю...

Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, прарок!

 

*

Паўстань з народу нашага, пясняр,

Былых і будучых вякоў баян,

І ў бурны кліч, як буры ўдар,

З віхрамі загудзі пад звон кайдан!

 

Гудзі над Беларусяй з краю ў край,

У сэрцах спячых распалі пажар,

Над курганамі перуном зайграй!

Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!

 

*

Паўстань з народу нашага, ваяк,

І волатам на вогненным кані

Народ аграблены — бы з торб жабрак

За Бацькаўшчыну павядзі ў агні!

 

Да хвалы шлях айчыне пакажы,

Змяці з палёў яе чужых бадзяк,

На стражы стань гранічнае мяжы...

Свой край заваяваць паўстань, ваяк!

 

*

Паўстань з народу нашага, Ўладар,

Адбудаваць свой збураны пасад,

Бо твой народ забыў, хто гаспадар

І хто яго абдзёр з каронных шат.

 

На Ўладара жджэ Беларусь даўно,

І жджэ цябе ўладарства Божы дар,

Вялікае, магутнае яно...

Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар!

 

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан