epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пазвалі вас

Еўрапейскія дзяржавы пастанавілі запрасіць на міжнародную нараду ў Геную т. Леніна.

 

З газет 1921 г.

 

Пазвалі вас на Пір піроў,

Пазвалі вас за волю стаць,

І далі ўладу путы рваць,

І далі ўладу біць цароў —

Зрабілі з вас гаспадароў.

 

І вы з рабоў пайшлі ў цары...

— О, каб не ў краты толькі з крат?!

Паклон аддаў вам азіят,

За ім Еўропы жыхары

Шлі к вам праз морскія віры...

 

Але не ваш вітаць шлі сцяг:

З сваёю воляй шлі на вас...

І не дайшлі — зышлі на час

Праз белы й чорны морскі шлях,

А вам не страх, а вам не страх!..

 

Чатыры годы крок у крок

Тварыць вы шлі і кроў лілі

Сваю, чужую па зямлі...

Раслі магілы... зваў прарок...

Рос вашай моцы блеск і мрок.

 

І ўсё вы ўзялі, усё як ёсць:

Фабрычны дым, сяўбы загон,

І панскі двор, і царскі трон...

Ды стала ўсё вам гэта ў злосць —

У хлебе восць, у горле косць.

 

Сабою самі ўстаць з руін

Вам не хапіла смагі, сіл,

І вось к вам вылез цень з магіл:

Крывавы грош і «гаспадзін»,

А іх закон адзін, адзін.

 

З-пад ног, з утоптанай нары

Пайдзе ўжо збэшчаны павук

І ў сто, у сто кагцістых рук

Хапае вас, рабы-цары,—

Як бы ўжо вы не ўладары...

 

Вы ўладары... Яшчэ жар-цвет

Бунтарскіх дум у вас не згас:

Еўропа кліча ў госці вас:

Пад рогат піравых пабед

Саветы кліча на «савет».

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан