Іх сышлося пяцёх на крывіцкіх палёх,
На абшары не Божым ці Божым,
І давай разважаць, і давай так казаць:
Найвышэйшую раду заложым.
Бо ўсялякіх спакус мае шмат беларус,
І да ўлады ён мае нахілы,
А найлепш, як нас пяць будзе ўладу спраўляць
Над народам, які для нас мілы.
Як казалі з сабой, так зрабілі, як стой,
Найвышэйшую раду зляпілі;
Папілі барышы, пабылі на імшы
І ў сенатарскі чын уступілі.
Дзень жывуць і другі, а людзей ні крыхі,—
Не спяшыць штось падданы з паклонам,
Хоць зарэж, а не йдзе, вось і вер грамадзе!
А тут сноўдаюць цені ў чырвоным.
Трэба раду як даць,— так іх раіцца пяць,—
Трэба ўсіліць дзяржаўную ўладу...
І спазналі яны, што тут «маркі» адны
Ўладзе будуць найлепшай прынадай.
У сваім пачуццю падвялі пад стаццю,
Што не стыд, хоць і ў чорта ўзяць грошы,
А тым болей, калі дні такія пайшлі,
Што падданы ад чорта стаў горшы.
І пайшлі упяцёх за высокі парог
Да «крэсовага» яснага панства;
Ў «пшэдпакоі» падрад сталі, як на парад,
Сенаторскага поўны падданства.
Пазіраюць кругом, штосьці шэпчуць цішком,
А ля іх — ім на дзіва да смерці,—
Беларускі расол белы хлебча арол,
Да то ўправа, то ўлева хвост верце.
Так стаяць, хоць і страх, а тут дзверы шарах!
Лёкай ткнуў ім «крэсовы пачушак»...
Мігам выйшлі яны,— рады, хоць на штаны
Для сябе настаялі «касцюшак».
І жывуць зноў сабе, а падданы не йдзе,
А чырвоны цень ціснецца ў дзіры;
Дык зноў сушаць мазгі, як схадзіць раз-другі,
Сенаторскія сшыць каб мундзіры...
1920