epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пятровы час

Вот часіна! вот агніста

Завярцела, закруціла!

Прэ ў палі, ў лугі ўсё чыста,

Ажно глянуць неяк міла.

 

Свішчуць косы у пракосах,

Той грабе, той копы звозе;

Серп гуляе на палосах,

Паўрубень бразджыць на возе.

 

Ўсюды сіла і ахвота:

Ногі, рукі ходзяць смела;

Значна сельская работа,

Пот нядарма мые цела.

 

Гэй жа, Янка, распраніся,

Не жалей, брат, духу, сілы,

Помні, дурань, не змыліся,

Каб да Юр’я, знай, хваціла.

 

Знай Пятровую часіну,

Знай, адно ў гаду ё лета,

Хто ў ім здрэме хоць з гадзіну,

Пацярпіць жа ён за гэта.

 

За гультайства дрэнна будзе,—

Галадоўка—час пракляты,

К людзям пойдзеш, што там людзі,

Той гол сам, той гоне з хаты.

 

Воласць, земства дасць мо хлеба,

Но іх ласкі хто не знае,

Эй ты, Янка, помніць трэба,—

Зімка доўгая такая.

 

Помніш, сёлета вясною

Раве статак, плачуць дзеці,

А тут — хоць гавей душою,—

Пуста ў пуні, пуста ў клеці.

 

Ох, не лепей і сягоння

У сэрцы, ў думках, мой ты мілы,

Што ж рабіць? Хай доля гоне,

Пакуль згоне да магілы.

 

Ты галодны, я галодны,

Ёсць мякіна з лебядою,

Вып’ем чарку — а там, родны,

Гайда на вайну... з касою.

 

[1906-1909]


[1906-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан