epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песенька для некаторых маладых людзей

У нас маладых людзей дужа вучоных

Цяпер надта шмат развялося,

Праўд нейкіх шукаюць на свеце няснёных,

Над бедным з іх кожны галосе.

 

Да працы да роўнай, да волі шырокай

Ахвочы крычаці, ўзываці;

Іх шумныя песні нясуцца далёка,

Што ўсе людзі — родныя брацці.

 

Як дзіўна, як складна бразджыць усё гэта

Шмат праўды, а шмат тут і жартаў;

Пакуль песня іхніх хаценняў не спета,

Прыгледзецца к ім самім варта.

 

Адзін з вас, паночкі, хітрыя галоўкі,

На доктара выйдзе і будзе

З няшчасных схварэлых цягнуць паўрублёўкі,

Лячыцца ў яго будуць людзі.

 

Другі будзе з вас брахунцом-адвакатам,

Як трэба судзіцца, парадзіць,

А больш каб карысці мець, брата ён з братам

За нібыта праўду павадзіць.

 

А трэці, што больш усіх рваўся к свабодзе,

Напэўна, ён будзе йнжынерам,

Як ставіць астрогі, планы павыводзе,

Збагаціцца гэткім манерам.

 

Чацвёрты з між вас, вальнадумцы, у судзе

Рассядзецца членам вяльможным,

Галодных, нявольных судзіці ён будзе,

Караці Сібірам марозным.

 

Во, пяты банкірам, а той зноў суддзёю,

А той там аптэку заложа,

І кожны сыт будзе, багацце чужою

То крыўдай, то працай размножа.

 

Так будзе з вас кожны слядамі йсці дзедаў,

Не знаючы гора ніколькі,

І ўсе вы, і ўсе вы палкі дармаедаў

Сабой павялічыце — й толькі.

 

І скажаце гэта вы некалі самі,

Як вам спухнуць каркі ад сала,

Што песенька песняй, чужымі ж трудамі

Жыць лёгка дый чэсць і пахвала.

 

24 чэрвеня 1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com