epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня-байка

З-за далёку, з-пад усходу

Віхар мчыцца ў непагоду,

Байкі сее маладыя;

Думка чуе, думка ные...

 

Ціха... Бачце... штось віднее,

Льецца нейкая надзея,

Штосьці едзе з новым сватам,

З новым шлюбам з хаты ў хату...

 

Скінь лахманец непазорны,

Пыл згані з аконцаў чорны,

Пыл змяці хутчэй з аконца,—

Шэпні-клікні: сонца! сонца!..

 

Быццам з песняй, быццам з ласкай,

З чараўніцкай нейкай казкай,

З-за далёку, з-пад усходу

Віхар мчыцца ў непагоду...

1909




Беларуская Палічка: http://knihi.com