epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня будаўніцтву

Прыйдзе новы — а мудры — гісторык,

А ён прыйдзе — ужо ён ідзе —

І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак

І да зорак аб нашых прасторах,

Аб падзеях, людзях павядзе.

 

Ён раскажа, як з творчым імкненнем

Для народаў закон выдавала

Бальшавіцкая праўда, сумленне,

Каб жыццё ўжо было без цярпенняў

І мінула пракляццяў навала.

 

Як знішчаліся цвёрдай рукою

Пралетару варожыя класы,

Як на фронтах ішоў бой за боем,

Як зброд ворагаў здаўся, не ўстояў

Ў тыя грозныя бурныя часы.

 

Як ішла рэканструкцыя смела

Па заводах, па полі, па думках,

Перашкоды знішчаючы ўмела,

Хоць варожы табун адзічэлы

Ёй імшу пахавальную крумкаў.

 

Як мінулым спаганена праца

Ад батрацкай прыгоннай сярмягі,

Сабе ўзносячы ў сонцах палацы,

Стала горда навек называцца

Справай гонару, славы, адвагі.

 

Маладому свайму пакаленню

Ён апіша з палётам арліным,

Як бліскотна з бетону, з камення,

З цэглы, з сталі, з жалеза ў праменнях

Тут за гмахам рос гмах на руінах.

 

Як узняўшыся слаўна ў вышыні,

Сацспаборніцтва, ўдарніцтва ўдала

Здабывала багацце краіне,

Гарады будавала ў пустынях

І пустынную ноч асвятляла.

 

Як за трактарам трактар выходзіў

На сялянскія стужкі-палоскі,

Каб у дружным, як войска, паходзе

Нішчыць межы, машыны заводзіць,

Будзіць спячыя сёлы і вёскі.

 

Як яна, бальшавіцкая партыя,

Каб датла зруйнаваць стары свет,

Барацьбою зацятай, упартай,

Сваю ставячы голаў на карту,

Дасягла недасяглых пабед.

 

Прыйдзе новы — а мудры — гісторык,

А ён прыйдзе — ужо ён ідзе —

І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак

І да зорак аб нашых прасторах,

Аб падзеях, людзях павядзе.

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан