Песня і казка
Ходзяць у пары,
Сеюць па свеце
Дзівы і чары,
Будзяць спрасоння
Думкі дзіцячы,
Як той уранні
Промень свяцячы.
*
Песня і казка
Як у крышталі,
Свету пакажуць
Тайныя далі,
Шляхі намецяць
К сонцу і зорам
Для людской долі,
Скованай горам.
*
Песня і казка
Ў райскіх праявах
Шчасце збудуюць
З кветак яскравых.
Сэрца атуляць
Вечнаю ласкай...
Слухай жа, сэрца,
Песняў і казкаў.
1921